Лукашэнка заявіў, што не даваў Прыгожыну гарантый бяспекі

Яўген Прыгожын і Аляксандр Лукашэнка / delfi.lt

Яўген Прыгожын і Аляксандр Лукашэнка / delfi.lt

Аляксандру Лукашэнку давялося апраўдвацца, паколькі пасля гібелі кіраўніка вагнераўцаў Яўгена Прыгожына, СМІ прыгадалі, хто быў пасярэднікам у перамовах пасля спынення "паходу на Маскву" ў чэрвені. 25 жніўня ён заявіў, што Прыгожын ніколі не прасіў гарантый бяспекі для сябе.

"Калі наўпрост адказваць на гэтае пытанне: я і не павінен забяспечваць бяспеку Прыгожына... Як я мог яму гарантаваць гэтую бяспеку? Таму гэта пытанні не да мяне", — гаварыў Лукашэнка. Паводле яго слоў, "ніколі ў такім ключы размова і не ішла". Пры гэтым ён прызнае, што гаворка пра гарантыі бяспекі была. Ды і яго словы пра іх зафіксаваныя на відэа.

"Першы раз, калі я яму тэлефанаваў і ішлі перамовы, калі яны маршам ішлі на Маскву, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Я яму кажу: "Жэня, ты разумееш, ты загубіш людзей і сам загінеш?". У запале гэты чалавек (толькі з фронту): "Чорт з ім, загіну!". Я яму кажу: "Жэня, я зараз табе вышлю вяроўку і кавалак мыла". "Не, не, не. Я так не хачу. Я героем загіну". Вось першая размова ішла. Другі раз, калі ён прыязджаў да мяне з Дзімам Уткіным. Я катэгарычна іх абодвух папярэдзіў: "Хлопцы, глядзіце".

Такім чынам Лукашэнка намагаецца адвесці ад сябе абвінавачванні, што ён не стрымаў слова. Раней яго прапагандысты нават пісалі, што гарантыі бяспекі Яўгену Прыгожыну даваліся толькі на тэрыторыі Беларусі.

Таксама ў пятніцу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Уладзімір Пуцін не можа стаяць за забойствам Прыгожына. Але не можа і сказаць, хто ж за гэтым стаіць. "Я не магу ўявіць, што гэта зрабіў Пуцін, што вінаваты Пуцін. Занадта грубая, непрафесійная праца, калі ўжо на тое пайшло", — дадаў ён.

Яўген Прыгожын і яго паплечнікі загінулі 23 жніўня. Самалёт, на якім яны ляцелі, пацярпеў катастрофу ў Цвярской вобласці РФ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі