Лукашэнка згадаў "1000-гадовую гісторыю" Беларусі
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў з Днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які адзначаецца 3 ліпеня.
"Наша больш чым 1000-гадовая гісторыя — пастаянная барацьба народа за сваю зямлю, духоўныя каштоўнасці і самавызначэнне, — цытуе віншаванне прэс-служба кіраўніка дзяржавы. — І нават пасля з'яўлення на карце свету суверэннай Рэспублікі Беларусь нам пастаянна даводзіцца адстойваць права на самастойны шлях развіцця".
Лукашэнка падкрэсліў сімвалізм свята — дзень вызвалення Мінска ад нацыстаў у 1944-м і Дзень незалежнасці РБ — адзін дзень. Паводле яго слоў, перамога над нацызмам выратавала беларускі народ ад знішчэння.
Беларускі кіраўнік паабяцаў і далей умацоўваць суверэнітэт краіны і будаваць яе будучыню "на прынцыпах справядлівасці, раўнапраўя і клопату пра людзей".
Пры гэтым на сённяшні дзень у нашай краіне ёсць больш за два дзясяткі палітвязняў. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заклікаюць вызваліць іх і спыніць крымінальны пераслед.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.