Лукашэнку паведамілі, што яго рэйтынг хутка дасягне 80%! (дакумент)
Стала вядома, якія лічбы рэйтынгу паведамляюць Аляксандру Лукашэнку спецслужбы. Дакумент змясціў у Facebook палітычны аглядальнік Белтэлерадыёкампаніі, старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў. Ён піша, што на сённяшняй сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ Аляксандр Лукашэнка загадаў: "Дайце журналістам і палітолагам дакумент, які рэальна апісвае сітуацыю ў Беларусі". І памочнік кіраўніка дзяржавы прынёс "свежую сацыялогію" — дакладную начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце палкоўніка Паўлючэнкі.
У дакуменце сцвярджаецца, што ў сакавіку рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі "стаў рэзка падаць" — да 60%! А ў Мінску быў меншы на адсоткаў 8. Прычынай стала найперш "крытычная ацэнка значнай часткай насельніцтва мер па барацьбе з распаўсюдам каранвіруснай інфекцыі". Людзі абураліся недастатковым інфармаваннем і відавочным заніжэннем статыстыкі. Цікава, што Інстытут сацыялогіі Акадэміі навук сведчыў, што ў красавіку 2020-га рэйтынг Лукашэнкі ў Мінску складаў толькі 24%.
Але пасля, сцвярджаецца ў дакуменце, "рэйтынг улады стаў паступова аднаўляцца". У канцы чэрвеня 2020-га ўзровень даверу Лукашэнку "дасягнуў 76 адсоткаў"! А па ацэнках неназваных экспертаў ён "здольны ў бліжэйшай перспектыве дасягнуць 80 адсоткаў"! Пры гэтым у "альтэрнатыўных прэтэндэнтаў" рэйтынг падае і агулам складае толькі 16%, сцвярджае ААЦ.
У дакуменце падкрэсліваецца, што такі "высокі рэйтынг" дзейнага кіраўніка дзяржавы "практычна выключае сур'ёзныя электаральныя рызыкі падчас выбарчай кампаніі, а таксама зводзіць да мінімуму магчымасць іншых негатыўных праяў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.