Ля амбасадаў Літвы і Польшчы праходзяць пікеты "беларускіх патрыётаў"

Пікет ля амбасады Польшчы ў Беларусі / Еўрарадыё​
Пікет ля амбасады Польшчы ў Беларусі / Еўрарадыё​

Людзі з чырвона-зялёнымі сцягамі і плакатамі прыйшлі раніцай у сераду да амбасадаў Польшчы і Літвы ў Мінску. Пра пікет ля польскай амбасады паведамляе тэлеграм-канал АТН.

"Беларускія патрыёты сабраліся, каб выказаць свой пратэст спробам афіцыйнай Варшавы "пагаспадарыць" у нашай краіне", — гаворыцца ў каментары да фотарэпартажу. Ці ёсць у "патрыётаў" дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства, не паведамляецца.

На фота, якія зрабіў карэспандэнт Еўрарадыё з месца падзей, відаць, што ўдзельнікі масавай акцыі трымаюць у руках плакаты з надпісам "Не дапусцім новага генацыду беларускага народа" і "Латушка, колькі каштуе гандляваць радзімай". Людзі скандуюць "Любимую не отдают" і "Чемодан-вокзал-Варшава. Мы проводим до вокзала".

Пра пікет ля літоўскай амбасады паведаміў расійскі журналіст Канстанцін Прыдыбайла. Ён асвятляў паслявыбарчыя пратэсты ў Мінску і цяпер, мяркуючы па допісе ў Тэлеграм, зноў знаходзіцца ў Беларусі.

Напярэдадні "неабыякавыя грамадзяне" з гнеўнымі плакатамі прыходзілі да пасольстваў ЗША і Украіны. Пасля акцыі каля ўкраінскай амбасады ўдзельнікі арганізавана дайшлі да будынка на вуліцы Кісялёва, 24, дзе знаходзіцца Мінскі гарадскі камітэт БРСМ і Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

Нагадаем, напярэдадні ўвечары ў польскае МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі. Нагодай стала затрыманне ў Гродне прэзідэнта неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анжалікі Борыс. Беларуска-польскія адносіны ў апошнія тыдні заўважна ўскладніліся, краіны выслалі па некалькі дыпламатаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі