Лявон Вольскі просіць дапамагчы сабраць грошы на новы альбом
Лявон Вольскі збірае грошы на новы альбом. З просьбай аб дапамозе легендарны музыка звярнуўся на сваім сайце.
“Дарагія сяброўкі, шаноўныя сябры! Вельмі рэдка я звяртаўся да вас па дапамогу, але цяпер акурат такі момант, калі гэта неабходна. Альбом “Hramadaznaūstva. Volski”, мне падаецца, патрабуе працягу. І час гэтага працягу надышоў. Ёсць усё — песні, задумы, крэатыў, віленская студыя Снорэ Бэргеруда. Няма толькі фінансавага складніку працэсу, кажучы наўпрост — грошай. Вось так здараецца — раней неяк знаходзіліся, а цяпер — ну, ніяк. Хто колькі можа, мы будзем удзячныя ўсім за любую дапамогу! Бо талака — вялікая сіла, з яе дапамогай можна і вёску збудаваць, і альбомам народ парадаваць. І гэта будзе наш з вамі агульны альбом, там будзе часцінка кожнага, хто дапамог у яго стварэнні. Загадзя дзякую і спадзяюся на разуменне і дапамогу!” — напісаў Вольскі.
У размове з Еўрарадыё музыкант распавёў, што матэрыял для новага альбома ўжо гатовы.
Лявон Вольскі: "Раней знаходзіліся грошы, цяпер не знаходзяцца: цяжкая сітуацыя. Пры суперпазітыўным варыянце ўлетку ўжо ўсё будзе запісана. Новы альбом будзе крышачку іншы, чым папярэдні. Ён будзе напалову цяжкі, напалову лёгкі".
Той, хто падтрымае новы альбом Лявона Вольскага, убачаць свае імёны на старонцы музыканта, на вокладцы дыска ці зможа зняцца ў кліпе.
Плануецца, што, як і папярэдні дыск “Hramadaznaūstva. Volski”, новы альбом будзе запісаны ў віленскай студыі нарвежца Снорэ Бэргеруда пры ўдзеле нарвежскіх музыкантаў.
Пакуль ідзе збор грошай, Лявон Вольскі прапануе паглядзець першую частку з канцэрта “Вільня. Воля. Вольскі”.