Лявон Вольскі зняў аўтабіяграфічнае відэа “Дзе ты, мая Анечка?”

Лявон Вольскі зняў аўтабіяграфічнае відэа “Дзе ты, мая Анечка?”

Лявон Вольскі прэзентаваў у інтэрнэце аўтабіяграфічнае відэа “Дзе ты, мая Анечка?” на песню “Цёплае мінулае” з новага альбома “Псіхасаматыка”. Музыка прысвяціў яго сваёй жонцы, дырэктару і паплечніцы Ганне Вольскай, якая нечакана памерла вясной 2016 года ад цяжкай хваробы.

“Гэта песня, якая складаецца з фрагментаў, з кадраў. Вось перада мною двор на вуліцы Адоеўскага: бабулі і цёткі сядзяць на лаўках пры пад'ездах, нешта ці некага жвава абмяркоўваюць, дзеці гуляюць у пекара ці цюхі, мужчыны гуляюць у шахматы ці даміно за негабляваным дваровым сталом… Вось я еду на 23-м тралейбусе ў мастацкую школу. Вось я граю першыя канцэрты на электрааргане "Юность-75"… А вось кадры з мноства розных выступаў, кожны з якіх быў асаблівы і кожны па-свойму запомніўся… Вось мы з Ганнай абмяркоўваем канцэпцыю канцэрта ў пераходзе… Паміж напісаннем гэтай песні і запісам голасу на студыі мінула некалькі месяцаў. І ўжо той час, калі я ствараў гэтую песню, зрабіўся “цёплым мінулым”, бо цягам гэтых месяцаў жыццё кардынальна змянілася. Змяніўся я, змяніўся свет вакол мяне. І тое, што здавалася трывалым і непахісным, зрабілася цёплым настальгічным успамінам”, — прадставіў відэа Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Facebook.

Новы альбом Лявона Вольскага Псіхасаматыка” можна паслухаць і спампаваць на сайце www.lavonvolski.com. Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 3 снежня ў Вільні і будзе складацца з дзвюх аддзяленняў. У першым нарвежскія музыкі, якія і запісвалі альбом, выканаюць лірычныя песні з новага і папярэдніх альбомаў Вольскага, у другім — дынамічныя рок-кампазіцыі.

Канцэрт адбудзецца ў абноўленым клубе Loftas. Квіткі: 65 рублёў (танцпол), 77 рублёў (балкон, стаячы), 110 рублёў (месца за столікам + дыск з аўтографам). Продаж: на сайце і ў касах Kvitki.by, а таксама ў салонах “Связной” і “Евросеть” па ўсёй Беларусі. Бясплатныя візы можна атрымаць пры падачы не пазней за 24 лістапада. Даведка: (029) 622 57 20, (025) 526 84 14.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі