Лёня Паўлёнак: Хачу з гітарай у народ
Пра што марыць лідар незвычайных беларускіх гуртоў і чаму незвычайная музыка зараз руліць, чытайце тут!
Еўрарадыё: Лёня, як увогуле справы?
Лёня Паўлёнак: Я
сёння парадваўся блакітнаму небу і вясенняму паветру. Нядаўна такія
радкі прыдумаў: “Я уже другой, я уже другой. Наверно, пахнет весной”.
Еўрарадыё:
Выдатна! Тым не менш зіма ў самым разгары. Надышоў Новы год. Ці былі
задзейнічаныя НагУаль і Маланка-аркестр у так званым навагоднім чосе?
Лёня Паўлёнак: Мы
думалі, што нешта будзе, паколькі пачаў развівацца Маланка-аркестр, у
сэнсе, нас сталі запрашаць, мы сталі з’яўляцца то там, то сям. Год таму
на целіку засвяціліся. На СТВ. Сталі лепшым альтэрнатыўным гуртом, за
што нам уручылі прэмію, дзіўным чынам. Мы пачалі часцей выступаць.
Аднак усё роўна гэтая музыка аказалася складанай для людзей, таму не
надта мы граем на карпаратыўках, на Днях нараджэнняў. Нам вось
спадабалася граць у Варшаве на вуліцах. На дзіва, народ іншай мовы,
крыху іншага менталітэту выдатна ўспрымаў рускамоўную “Маланку”:
танцавалі, слухалі, разумелі, набывалі дыскі… А ўвогуле, усё добра:
пішуцца новыя песні. Нядаўна напісаў некалькі песень на вершы Гарсія
Лоркі.
Еўрарадыё: Спяеш?
Лёня Паўлёнак: Гарсія Лорку, зараз? Не. Аднак магу прапанаваць святочную песню “Пятнышко на столе”.
…Пятнышко на столе. Оно может сказать о вине.
Оно может сказать, но может и промолчать…
Так выпьем, друзья, за то. За пятнышко на столе,
Чтобы оно сказало: «Мимо не проходи».
Пятнышко на столе – невидимый микроб,
Я вчера бросил кости в зелёную траву.
И теперь начинаю верить, что что-то я могу.
Пятнышко на столе, я тебя не затру…
Пра філасофію і плагіят?
Еўрарадыё: Брава! Лёня, як у адной галаве могуць суіснаваць дзве філасофіі? Маю на ўвазе, вядома, “Маланку” і НагУаль…
Лёня Паўлёнак: Часам
складана. Ведаеш, узяць, напрыклад, рэжысёра кіно: вось зняў ён адно
кіно, а потым перайшоў да другога. Скажам, зняў камедыю, а потым
перайшоў да трагедыі. Да іншага жанру. А тут даводзіцца паралельна
здымаць два кіно. Вядома, нейкаму праекту аддаецца больш увагі, нейкаму
менш. Потым прэрагатыва мяняецца. Пакуль нармальна. Не ведаю, што там
будзе далей. Магчыма, нейкі праект будзе меней паспяховым, нейкі –
болей. Пакуль і ў НагУаля, і ў Маланка-аркестра ёсць выступы, канцэрты,
запісваемся паціху.
Еўрарадыё: А бывае такое, напрыклад, што ты ствараеш песню для “Маланкі”, а ў выніку яна трапляе ў рэпертуар НагУаля?
Лёня Паўлёнак: Шчыра
скажу: бывае. Бывае. Нават часам думаю, можа якую-небудзь песню НагУаля
перакласці на даступную мову для “Маланкі”, на рускую, напрыклад. Хоць
у “Маланках” з’явілася песня і на беларускай мове, якая называецца
“Ляціць як месяц”. Часам у “Маланках” я спяваю і выкарыстоўваю фанемныя
“нагуалеўскія” тэмы: “чуб-тары-быра”, кшталту, прыехалі румынскія
цыгане. Нядаўна напісаў песню і прысвяціў яе дачцы нашага кантрабасіста
Юры. Жэняй клічуць дачку, ходзіць яна ў першы клас. Там так і
спяваецца: “Меня зовут Женя, я хожу в первый класс. В голове моей
память как в первый раз”. І мне падалося, што гэтую мелодыю зняў з
НагУаля. І даў паслухаць Юру. Ён сказаў, што ўсё нармальна, зусім іншая
песня.
Еўрарадыё: То бок, займаешся плагіятам…
Лёня Паўлёнак: Часам так атрымліваецца. Зрэдку, праўда.
Пра сумесі, гастролі і фестывалі
Еўрарадыё:
Лёня, твае гурты існуюць у сферы этна-музыкі. НагУаль завязаны на
балотным этна-панку, а Маланка-аркестр – сумесь клезмера, “балкан” і
розных этнічных сусветных інтанацый.
Лёня Паўлёнак: Дагэтуль
спрабую сфармуляваць, што за стыль такі ў “Маланак”. Таму розным
цікавым людзям даю слухаць “Маланку”, каментаваць. Дзіма Саладуха
нядаўна даваў свае каментарыі. Сустрэўся з Максімам Жбанковым, аддаў
яму дыск. Ён пакажа ў ЕГУ сваім студэнтам. Няхай яны раскрытыкуюць і
вызначаць, што гэта такое. Мне самому цікава, як гэта падаваць.
Цыганскія мелодыі ёсць, габрэйскія, балканскія, ска, твіст, дыска і
ўплывы еўрапейскага шансону.
Еўрарадыё: Ці часта выступаюць твае гурты?
Лёня Паўлёнак: Не
вельмі часта мы граем. Мабыць, з-за нашай не шыбкай рухомасці. То бок,
не заўсёды даем знаць пра сябе інфармацыйным каналам. Мы запісваемся,
граем у маленькіх кавярнях, напрыклад, штопятніцы ў “Камяніцы”. Нядаўна
на tut.by паглядзеў Вайцюшкевіча, які пайшоў у народ з гітарай. Мне
таксама такія думкі прыходзяць. Я таксама хачу ўзяць гітару і пайсці ў
народ. Можа, яшчэ хто са мной захоча: Наташа-скрыпачка ці Сярога на
цымбалах. НагУалем ці Маланкамі мне хочацца паехаць у маленькія гарады,
школы, там граць, граць людзям. Ці проста на вуліцах граць. Распавядаць
пра сябе. Знаёміцца з людзьмі. Удзельнічаць у жывым жыццёвым працэсе.
Пакуль, зноў жа, мы не давалі ведаць пра сябе тым людзям, хто б гэта
мог зрабіць. На дадзены момант мы пішам альбом для “Маланак” і крыху
граем тут канцэрты.
Еўрарадыё: А што наконт фестываляў?
Лёня Паўлёнак: На
буйных фестывалях хацелася б граць. Пакуль не выпадала. Напрыклад, на
“Pepsi-Sziget” неяк заруліць. Але, наколькі мне вядома, трэба каб нехта
непасрэдна з арганізатараў цябе заўважыў. А так дасылай-дасылай туды
дыскі… Можна, вядома, кідаць штогод, але гэта малаэфектыўна. Ёсць такі
чалавек, Давід Савін’ён. Ён некалі нам рабіў гастролі па Францыі.
Магчыма, з яго дапамогай атрымаецца з’ездзіць на “Pepsi-Sziget”. А
ўвогуле, мы не часта бываем на фестывалях. Самыя любімыя ў нас –
“АртПоле” і “Пустые холмы”. “АртПоле” робіць так, каб не паўтараліся
каманды з году ў год. Апроч, хіба, “Перкалабы”. Мы ж там два гады гралі
НагУалем і аднойчы Маланкай-аркестрам. Спадзяемся, што трапім у гэтым
годзе на “Краіну Мрій”.
Еўрарадыё: Так, у інтэрв’ю Еўрарадыё Алег Скрыпка казаў, што збіраецца запрасіць “Маланак”.
Лёня Паўлёнак: Так, хутчэй за ўсё Валодзя Шаблінскі падкінуў яму такую ідэю. Нам хацелася б…
Пра кліматычныя з'явы
Еўрарадыё:
Лёня, ты як прадстаўнік незвычайнай беларускай музыкі, як лічыш, чаму
незвычайныя гурты кшталту Серебряной Свадьбы, PortMone, НагУаль
выклікаюць большую цікавасць айчынных і замежных слухачоў, чым
беларускія рок-гурты?
Лёня Паўлёнак: Мне падаецца, што
тут як і ў прыродзе: скончылася вясна, прыйшло лета. Скончылася лета –
прыйшла восень. Такі перыяд: людзі хочуць іншых пачуццяў, эмоцый,
магчыма, цяпла, душэўнасці. Прыйшла такая вось змена клімату, з’явіліся
новыя гурты. Потым, магчыма, зноў будзе рок-н-рол.
Еўрарадыё: Мне падаецца, што НагУалю 10 гадоў?
Лёня Паўлёнак: Табе
зусім правільна падаецца. Мы вядзем адлік са снежня 2000 года. Мы
рабілі ўжо міні-канцэрт –прысвячэнне нашаму 10-годдзю. Праўда, гэта
было ў траўні ў Графіці. І мы тады назвалі канцэрт кшталту “Рэпетыцыя
10-годдзя”. Я ўсё спадзяваўся, што будуць сілы зрабіць канцэрт, аднак
пакуль па-буйному не атрымалася адзначыць. А ідэя была наступнай: у
НагУалі шмат людзей перайграла. І хацелася максімальна ўсіх сабраць.
20-25 музыкаў… Гучыць, напрыклад, песня пра леснікоў, выходзяць музыкі,
якія гралі ў першым ці другім складзе, на наступную песню – іншыя
музыкі… Але ўяві, як гэта ўсіх сабраць! А яшчэ трэба парэпетаваць!
Амаль цэлы аркестр у 25 чалавек!!! А на фінальную песню – на “Джабукя”
усе б выйшлі!
Еўрарадыё: Колькі ўвогуле было складаў у НагУаля?
Лёня Паўлёнак: Якія
мелі больш-менш працяглы тэрмін – тры-чатыры склады. А зараз НагУаль –
гэта бойз-бэнд. Гэта пяць нармальных пацаноў, якія скачуць на сцэне,
актыўна сябе паводзяць…
Еўрарадыё: Аднак ты ўсё-такі плануеш вялікі “нагуалеўскі” канцэрт?
Лёня Паўлёнак: Так,
хацелася б зрабіць вялікі канцэрт. Мы часта граем з НагУалем у Графіці.
І я нярэдка чую пытанне, чаму мы не робім вялікі канцэрт на вялікай
пляцоўцы, дзе можна было б патанцаваць, дзе было б шмат людзей. Тым
больш, што зараз у НагУаля змянілася музыка, стылістыка. Танцавальныя
рытмы, хаўс, дыска, гаражныя гітары, модныя акорды, і ўсё гэта, як і
было, з шаманскімі рок-н-рольнымі фанемнымі спевамі. Карацей, можа ў
лютым ці сакавіку будзе канцэрт. Таму што я фотасесію зрабіў:
сфатаграфаваў музыкаў для канцэрта, які будзе называцца “Гэта не цырк”.
Сябры дарагія! Дарагое Еўрарадыё! Сяджу я ў вашай студыі. Клічуць мяне Паўлёнак Лёня. Я віншую слухачоў і супрацоўнікаў дарагіх, якія сядзяць тут каля мікрафонаў і камп’ютараў! Віншаванні ад “Маланак” і НагУаля. Будзьце шчаслівымі. Будзьце людзьмі. Як кажа Пётр Мамонаў, “жыццё – гэта не барацьба, жыццё – гэта шчасце”.
Фота: Таранціна, Яўген Ерчак