“Лёс Беларусі стаў менш залежаць ад самой Беларусі”: вынікі года ў палітыцы
Правабаронца Алесь Бяляцкі стаў галоўнай зоркай Беларусі ў 2022 годзе / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У 2022 годзе беларусы перажылі нават больш падзей, чым хацелася б. Праз адны было жаданне схавацца ад свету і не паказвацца. Праз іншыя наадварот хацелася крычаць на ўвесь свет: і ад гордасці, і ад болю.
Еўрарадыё спытала ў экспертаў, якія з гэтых падзей былі найбольш знакавымі.
Цыганкоў: страта самастойнасці, антываенны рух і знікненне кавіду
Прадказальна галоўнай тэмай беларускай палітыкі ў 2022 годзе стала вайна Расіі супраць Украіны. Гэта прывяло Беларусь да сумных вынікаў.
— У выніку 2022 года лёс Беларусі стаў менш залежаць ад самой Беларусі, — кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. — Менавіта развіццё вайны, вынікі агрэсіі Расіі супраць Украіны стануць у значнай ступені вызначальнымі для таго, як будзе развівацца лёс Беларусі ў бліжэйшыя гады. Перамога Украіны, што б мы не ўкладалі ў гэтае слова, павялічвае шансы Беларусі на незалежнасць і дэмакратыю.
Адной з галоўных падзей года павінен быў стаць рэферэндум па зменах у Канстытуцыю. Але ж асаблівай увагі на яго не звярнулі.
Пра вынікі года Еўрарадыё спытала і ў дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі. Балючае пытанне — палітвязні. Вызваліць іх так і не атрымалася.
— У нас няма чароўнай палачкі, каб адкрыць усе турмы і вызваліць, — кажа Вячорка. — Рэжым не вызваляе палітвязняў таму, што ён бачыць у гэтым пагрозу для яго самаго.
Не бачу іншага спосабу вызвалення палітвязняў, акрамя ўзмацнення ціску. Калі санкцыі былі б больш эффектыўныя, калі б драўніну не перапрадавалі праз Казахстан, Кыргызстан, магчыма, ціску было б дастаткова для вызвалення палітвязняў.
Быў у 2022 годзе і пазітыў. Гэта аб’яднанне дэмсіл на канферэнцыі “Новая Беларусь”, лічыць суразмоўца.
— Яна адабрала парадак дня ў рэжыму на нейкі час. З’явілася надзея, аб’яднанне, новае дыханне.
Важны вынік 2022 года — дэмсілам удалося ў нейкай ступені залагодзіць украінскі бок, працягвае Вячорка.
— Нават у апошнія месяцы пачалі адбывацца сустрэчы ў тым ліку і з урадавымі палітыкамі. Удалося разблакаваць банкаўскія рахункі. Многім і фірмам, і людзям пазаблакоўвалі рахункі толькі таму, што яны грамадзяне Беларусі. Але гэта ўсё ў індывідуальным парадку, вельмі доўга рабілася. Цяпер там і каліноўцы правялі працу. Бачу Паліна Бродзік [каардынатарка Free Belarus Center. — Еўрарадыё] была ў Кіеве. Сустрэліся с дэпутатамі Вярхоўнай рады, каб закон правесці ў падтрымку беларусаў, якія знаходзяцца ва Украіне.
Мажэйка: Беларусь-агрэсар, суверэнітэт, “Нобель” для Бяляцкага
На думку аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзіма Мажэйкі, падзеяй нават не года, а гадоў стаў саўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.
— Мы можам казаць, што гэта рэжым Лукашэнкі, а мы не такія. Але згодна з міжнародным правам няма ніякіх сумневаў, што менавіта Беларусь з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіі. Гэта вялікая праблема і тое, чаго не было ў суверэннай Беларусі ніколі. Гэта, канешне, вельмі засмучае, вельмі жудасна і амаральна ў цяперашнім моманце.
Наступная падзея моцна звязаная з папядэдняй. Гэта страта Беларуссю вайсковага суверэнітэту.
— Гэта не страта беларускага войска, ім не камандуюць расійскія афіцэры, але факт у тым, што Расія можа выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для перамяшчэння сваіх салдатаў, тэхнікі, самалёты атакуюць Украіну з Беларусі, — кажа Мажэйка. — Вайсковы суверэнітэт — гэта адна з важных прыкмет самастойнасці. Гэта будзе досыць цяжка аднавіць. Калі расійскія войскі ўсе выйдуць з тэрыторыі Беларусі, вельмі цяжка будзе пераканаць кагосьці, што яны не могуць так жа лёгка туды зайсці назад.
Яшчэ адна вельмі важная падзея для Беларусі — Нобелеўская прэмія для палітвязня, старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага.
— Далёка не ва ўсіх краін у свеце ёсць хоць адна Нобелеўская прэмія. У беларусаў ёсць два “Нобелі”. Гэта вельмі крута. Тое, што робяць і рабілі беларускія праваабаронцы заслугоўвае не толькі безумоўнай падтрымкі, якая ў іх ёсць у беларускім грамадстве, але і міжнародных падзякаў на найвышэйшым узроўні.
Гэта тое, што застанецца ў гісторыі пра 2022 год у Беларусі. Не толькі тое, што з тэрыторыі Беларусі Лукашэнка дазволіў атаку на Украіну, але і тое, што ў Беларусі праваабаронца настолькі мужна змагаўся, што атрымаў Нобелеўскую прэмію. Умоўна кажучы, мы можам узгадаць, якія расійскія пісьменнікі атрымалі Нобелеўскую прэмію, але не заўсёды можам узгадаць, які ў той момант быў генсек компартыі, — рэзюмуе Вадзім Мажэйка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.