"Людзі жывуць ва ўмовах тэрору" — Ціханоўская выступіла ў Страсбургу
Святлана Ціханоўская ў Страсбургу
Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла перад Камітэтам міністраў Савета Еўропы ў Страсбургу і адказала на пытанні. Яна гаварыла найперш пра цяперашнюю сітуацыю ў нашай краіне.
"Дзяржаўныя і сацыяльныя інстытуты разбураныя. Людзі жывуць ва ўмовах тэрору. Суверэнітэт знаходзіцца пад пагрозай", — цытуе словы Ціханоўскай яе прэс-служба. Яна адзначае, што галоўным запытам стала распрацоўка дарожнай карты ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы. Святлана Ціханоўская "бачыць гэты крок пераломным на шляху стварэння дэмакратычнай будучыні Беларусі".
"Калі прыйдзе час, дэмакратычная Беларусь будзе грукацца ў дзверы Еўропы, — гаварыла кіраўніца Кабінета. — Мы хочам ведаць, што гэтыя дзверы адчыняцца хутка. Так мы зможам забяспечыць устойлівы і канчатковы пераход Беларусі да дэмакратыі. У інтарэсах еўрапейскай сям'і — прадказальная і дэмакратычная Беларусь".
Нядаўна, выступаючы на пленарнай сесіі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы, Ціханоўская сказала, што "уступленне ў Савет Еўропы стане нашым першым крокам на шляху да Еўрапейскага саюза".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.