Маці дзяўчынкі з Лунінца і яе знаёмаму выстаўленае абвінавачанне ў забойстве
Фота: Следчы камітэт
25-гадовай жыхарцы Лунінца і яе 47-гадоваму знаёмаму, якія падазраюцца ў забойстве васьмімесячнай дзяўчынкі, выстаўленае абвінавачанне. Да іх ужытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Пра гэта ў Telegram-канале паведаміў Следчы камітэт.
Следчыя расцанілі дзеянні кожнага з іх як забойства заведама малалетняга, учыненае з асаблівай жорсткасцю, з хуліганскіх памкненняў у складзе групы асоб. Гэта артыкул 139 КК, ён прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне.
У крыві жанчыны выяўлена 1,6 праміле алкаголю, у мужчыны — 1,2 праміле. Следчы камітэт працягвае расследаванне.
Каля 7 гадзін вечара 27 кастрычніка ў Лунінцы ў доме па вуліцы Гагарына была знойдзеная забітай 8-месячная Аня. Па падазрэнні ў забойстве затрыманая яе маці, 25-гадовая Наталля, і 47-гадовы мужчына. Напярэдадні трагедыі Наталля і яе госць распівалі спіртныя напоі, а маленькая Аня перашкаджала застоллю. Паводле непацверджанай афіцыйна інфармацыі, кампанію раздражняў плач дзяўчынкі, таму ёй перарэзалі горла. УСК па Брэсцкай вобласці па дадзеным факце завяло крымінальную справу.