Маці пяці дзяцей, затрыманую за стварэнне дваровага чата, пакінулі пад вартай
Суд Партызанскага раёна Мінска пакінуў пад вартай жыхарку пасёлка Ждановічы Вольгу Залатар. Пра гэта распавёў Еўрарадыё яе адвакат Андрэй Мачалаў.
Ён дадаў, што гэтае рашэнне будзе абскарджвацца.
Вольга Залатар — маці пяці дзяцей, якім ад 4 да 17 гадоў. Яе затрымалі 18 сакавіка, калі жанчына везла дачку на музычныя заняткі. У яе доме ў Ждановічах прайшоў ператрус. У той жа вечар яе мужа Сяргея Ганкевіча арыштавалі, а потым і асудзілі на 10 сутак па абвінавачанні ў незаконныі пікетаванні: нібыта, пасля затрымання жонкі ў абедзенны перапынак ён вывесіў на акне нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Пакуль муж і жонка былі за кратамі, іх дзецьмі апекавалася бабуля.
Пазней стала вядома, што на Вольгу Залатар пачалі крымінальную справу. Яе абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання — за гэта пагражае ад трох да сямі гадоў зняволення. Паводле інфармацыі МУС, жанчына была адміністратаркай мясцовага дваровага чата і з лета 2020-га ладзіла несанкцыянаваныя масавых мерапрыемствы — "так званыя чаяванні, прагулкі, канцэрты".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.