Маці пяцёх дзяцей Вольгу Залатар перавялі ў СІЗА, яе мужа асудзілі на 10 сутак
Вольга Залатар / Facebook
Маці пяцёх дзяцей Вольгу Залатар, затрыманую 18 сакавіка, перавялі з ІЧУ ў мінскі следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Сябры Вольгі лічаць, што гэта значыць, што ў бліжэйшы час яна стане фігуранткай крымінальнай справы.
Па іх звестках, затрыманне Вольгі адбылося на вуліцы, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу. Яе машыну развярнулі і суправадзілі да дому. Там прайшоў ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар.
Калі дадому вярнуўся Сяргей Ганкевіч, муж Вольгі, яго таксама затрымалі — за БЧБ-сцяг у вакне. 19 сакавіка суддзя Суда Мінскага раёна Кацярына Новікава асудзіла Сяргея на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Сям'я аформіла часовую апеку на бабулю. Дзеці, малодшаму з якіх чатыры гады, напалоханыя тым, што адбываецца, і засмучаныя.
Вольга Залатар ў жніўні была валанцёрам каля мінскага ізалятара ў завулку Акрэсціна, пазней валанцёрыла ў судах. Яе некалькі разоў затрымлівалі падчас вулічных пратэстаў і каралі сур'ёзнымі штрафамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.