Мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў ужо “з’ела” 1 мільярд еўра
Восем прадпрыемстваў канцэрна "Беллеспаперпрам" неўзабаве атрымаюць дадатковыя крэдыты на агульную суму 214 млн еўра.
Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі №310 ад 15 ліпеня 2013 года.
Дзяржпадтрымка 9 дрэваапрацоўчым прадпрыемствам “на мадэрнізацыю” была вылучана ў 2007 годзе. На працягу пяці гадоў яны атрымалі банкаўскія крэдыты на агульную суму больш за 800 мільёнаў еўра, паведамляе TUT.BY.
Аднак тэрміны рэалізацыі інвестпраектаў неаднаразова пераносіліся і зрываліся. Камітэт дзяржкантролю выявіў шэраг парушэнняў пры правядзенні мадэрнізацыі. У выніку ўвосені мінулага года Аляксандр Лукашэнка наведаў шэраг заводаў і раскрытыкаваў кіраўніцтва "Беллеспаперпрама" за "шматлікія факты безгаспадарлівасці, расхлябанасці, парушэнні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны".
Кіраўнік краіны запатрабаваў увесці забарону на звальненне працаўнікоў да канца мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у "Беллеспаперпрам". Шматлікія назіральнікі назвалі гэта ўвядзеннем прыгоннага права.
Фота: www.by.all.biz.