Магчымы ўздым захворвання: інфекцыяніст аб брытанскім штаме СOVID-19 ў Беларусі
З пачатку пандэміі ў Беларусі памерлі больш за 2 тысячы чалавек з COVID-19 / Reuters
Са з'яўленнем у Беларусі брытанскага штаму каранавірусу можа здарыцца ўздым захворвання на COVID-19, мяркуе інфекцыяніст Мікіта Салавей.
"У далейшым можа быць ўздым. У некаторых краінах свету з'яўленне мутантных варыянтаў віруса істотна змяніла эпідэміялагічную сітуацыю па COVID-19 у горшы бок, нягледзячы на ўсе меры інфекцыйнага кантролю, якія выкарыстоўваюцца", — сказаў ён у інтэрв'ю парталу TUT.BY.
Каб засцерагчы сябе, трэба, па словах спецыяліста, па-ранейшаму строга выконваць прафілактычныя меры: трымаць дыстанцыю, пазбягаць месцаў масавага збору людзей, насіць маскі і мыць рукі. Прышчапіцца, калі гэта стане магчымым, таксама варта.
"Наша пазіцыя — адназначна варта прышчапляцца. Мутацыя не мяняе цалкам склад S-пратэіна-бялку, які неабходны для звязвання віруса з асноўным рэцэптарам пры пранікненні ў клетку і менавіта да якога ўтвараюцца антыцелы пасля вакцынацыі", — патлумачыў ён.
З 15 эпітопаў бялку ў выніку мутацыі мяняюцца ўсяго 2-3, астатнія 12-13 застаюцца ранейшымі, да іх у выніку вакцынацыі ўтвараюцца антыцелы. Таму "вакцына істотна ў эфектыўнасці не страціць, асабліва ў плане прадухілення цяжкіх формаў захворвання".
Салавей таксама нагадаў, што брытанскі штам адрозніваецца большай заразнасцю. Акрамя таго, шэраг даследчыкаў сцвярджаюць, што гэты штам выклікае больш цяжкія формы хваробы і часцей вядзе да смяротнага зыходу.
Напярэдадні Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла аб выяўленні ў Беларусі носьбітаў брытанскага штаму каранавіруса. Першапачаткова яго выявілі ў грамадзян, якія прыехалі з-за мяжы — з Польшчы, Украіны, Егіпта. Затым яшчэ некалькі станоўчых узораў былі атрыманы ў інфіцыраваных на тэрыторыі краіны.
Па дадзеных на 11 сакавіка, сутачны прырост інфіцыраваных каранавірусам склаў 837 чалавек. Усяго, з пачатку пандэміі, у Беларусі былі зарэгістраваныя 298 тысяч 960 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Памерлі 2 тысячы 70 пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.