Магілёўца асудзілі за распальванне нацыянальнай варожасці

Магілёўца асудзілі за распальванне нацыянальнай варожасці

У Магілёве мясцовага жыхара Аляксея Кузьміна асудзілі на паўгода калоніі агульнага рэжыму за распальваньне нацыянальнай варожасці, перадае Радыё "Свабода"

Як выявіла следства, Кузьмін размяшчаў у інтэрнэце заклікі да гвалту і знішчэння расіян, габрэяў і народаў Каўказу, а таксама інфармацыю, якая зневажае іх гонар і годнасьць. Падсудны прызнаў сваю віну і раскаяўся.

У сваім апошнім слове магілёвец заявіў: "Прашу ўлічыць, што ад маіх дзеянняў ніхто не пацярпеў і ніхто не скарыстаўся з іх так, як я пісаў. Гэта самае галоўнае. Адзінае, прашу не пазбаўляць мяне свабоды".

Кузьміна затрымалі сёлета 9 жніўня супрацоўнікі КДБ. З таго дня ён заставаўся пад вартай. У судовай зале сядзеў у клетцы.

Выкрылі яго магілёўскія міліцыянты: яны звярнулі ўвагу на матэрыялы з нацысцкай сімволікай і выказванні, скіраваныя на распальванне нацыянальнай варожасці, апублікаваныя ў адной з суполак. На той самай старонцы быў размешчаны пратакол адміністрацыйнага пакарання Кузьміна за дэманстрацыю ў інтэрнэце нацысцкай сімволікі.

Пракурор Таццяна Амосава распавяла, што ш 2014 годзе Кузьмін зацікавіўся палітычнымі працэсамі ва Украіне, пранікнуўся поглядамі ультраправых арганізацый і пачаў варожа ставіцца да габрэяў і расіян. Ён заяўляў, што габрэі занялі ва Украіне ключавыя пасады, імкнуцца да ўзбагачэння за кошт іншых. А да расіян ён ставіўся адмоўна за іх імперскія амбіцыі ў дачыненні да іншых краінаў.

Суддзя Рыгор Качалаў прысудзіў Кузьміну паўгода калоніі агульнага рэжыму. Асуджаны мае права звярнуцца з просьбай пра ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі