Магілёўскі суд ацаніў смерць незалежнага журналіста ў 50 мільёнаў рублёў

Магілёўскі абласны суд павялічыў суму кампенсацыі за смерць незалежнага журналіста Вадзіма Аршынскага — да 50 млн рублёў. У кастрычніку 2011-га раённы суд прызначыў кампенсацыю за яго смерць у 30 млн рублёў.

З такім рашэннем не згодзен пазоўнік Міхаіл Аршынскі. Ён патрабаваў у якасці маральнай кампенсацыі за смерць бацькі 500 мільёнаў рублёў.

Міхаіл кажа, што сума пазову па незразумелых прычынах была зніжана ў 10 разоў і памер кампенсацыі стаў такім, які атрымліваюць у выніку вытворчых траўмаў.

Абскардзіць рашэнне абласнога суда Міхаіл Аршынскі мае намер у бліжэйшы час.

Нагадаем, што відэааператар тэлеканала “Белсат” Вадзім Аршынскі трагічна загінуў 2 лютага 2010 года. Ён уваходзіў у пад’езд свайго дома, калі на яго абрынуўся драўляны навес. Мужчына атрымаў цяжкія траўмы і памёр па дарозе ў лякарню. Следчыя высветлілі, што навес абрынуўся не ў выніку рамонтных работ, якія вялі камунальнікі, а ад вялікай масы снегу, што назапасілася на навесе. ЖЭУ Ленінскага раёна толькі часткова прызнала сваю віну. Пакаранне за смерць журналіста так і ніхто не панёс. За гэтае здарэнне атрымалі вымову толькі некалькі магілёўскіх чыноўнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі