Махлярка з партрэтам хворага дзіцяці за месяц можа сабраць 30 мільёнаў

Пасля выхаду гісторыі пра тое, як махляры зарабляюць на хваробе маленькай Сашы Іванцовай, Еўрарадыё даведалася пра шэраг такіх жа выпадкаў.

Алгарытм аднолькавы. Зламыснікі раздрукоўваюць з інтэрнэта фотаздымкі дзетак і выходзяць у людныя месцы, каб нібыта збіраць грошы на іх лячэнне. Калі іх здаюць у міліцыю, там не распачынаюць крымінальных спраў.

Тым часам дзейнасць махляроў стала такой масавай, што змагацца з імі пачалі звычайныя неабыякавыя беларусы.

Фэйкавая “мама” не змагла сказаць, якая хвароба ў “дзіцяці”

Юрыст з Маладзечна Дзмітрый Пачкоўскі зайшоў у мясцовую краму “Родны кут”. Пачытаўшы на самаробным плакаце пра бяду, якая здарылася з 3-гадовай Дашай Сяргейчык, мужчына вырашыў дапамагчы фінансамі. Але аказалася, што жанчына, якая трымала плакат, нават не ведала, што на ім напісана.

“Спачатку яна сказала, што з’яўляецца мамай хворай дзяўчынкі. Пытаюся: “Як вас завуць?” Кажа, што Таццяна. А на паперцы напісана, што сапраўднае імя маці — Галіна, — абураецца Дзмітрый Пачкоўскі. — Пытаюся, на што дзіця хварэе, — канкрэтна сказаць не можа. А на паперцы ж напісаны дыягназ. Раптам дзяўчына мяняе версію: што яна не маці, а дапамагае. Пачала казаць пра нейкую царкву і што ёй трэба з’язджаць. Зайшла ў краму і паспрабавала там ад мяне схавацца”.

Калі махлярка выйшла на двор, да Дзмітрыя знянацку падбегла іншая жанчына, падобная да цыганкі, і паспрабавала адцягнуць увагу. Але гэты нумар не прайшоў. Дзмітрый затрымаў фэйкавую “маму” і здаў яе ў міліцыю. Потым патэлефанаваў у Мінск Галіне Сяргейчык, сапраўднай маме дзяўчынкі (кантакт быў пазначаны на плакаце). Галіне, па яе словах, паведамілі з міліцыі, каб ні на што не спадзявалася і што ніякай справы не распачнуць.

Абураныя людзі сфатаграфавалі жанчыну, збірае грошы з плакатам дзіцёнка ля супермаркета на вуліцы Адзінцова ў Мінску

***

У мінчанкі Дашы Сяргейчык дзіцячы цэрабральны паралюш. Мама Галіна кажа, што пасля родаў у дзяўчынкі была нейраінфекцыя, а да таго ж ёй зрабілі неабачлівую прышчэпку. Беларускі неўролаг палічыў, што дзяўчынка не жылец і цягам года памрэ. А бацькі пачалі змагацца. Сёння Дашы тры гады. Рэабілітацыя ў Польшчы раз за разам дае відавочныя вынікі. Што праўда, лячэнне высмоктвае шалёныя грошы. Сярэдняй беларускай сям’і пацягнуць гэтыя траты самастойна немагчыма. Сродкі ўдалося атрымаць праз дабрачынныя фонды. Пасля таго як зборы былі афіцыйна скончаныя, фота Дашы з сеціва прыбралі. Але зламыснікі паспелі партрэт дзіцяці скапіяваць.

Пазней бацькі пачалі даведвацца, што зламыснікі з партрэтам дзіцяці прамышляюць не толькі ў Мінску і Маладзечне. Днямі журналіст з Гомельшчыны Сяргей Жарносенка пабачыў у Рэчыцы, як з партрэтам Дашы стаіць “малады худы хлопец, у капелюшы, з голеным тварам”.

Грошы збіраюць маргіналы пад наглядам

Як паказваюць шматлікія гісторыі, найчасцей такі бізнес арганізоўваюць “асобы цыганскай знешнасці”. Самі яны звычайна грошы не збіраюць, а адпраўляюць на промысел маргіналаў — алкаголікаў, наркаспажыўцоў і іншых. Грошы дзеляць.

Адну такую асобу, якая ўзброілася партрэтам Дашы Сяргейчык, вылічылі ў Мінску на “Гандлёвых шэрагах” ля станцыі метро “Партызанская”. Сітуацыя здарылася яшчэ ў красавіку 2014 года. Нервы не вытрымалі ў прадаўшчыц з рынка. У іх на вачах сумнеўнага выгляду Вольга Ю. трымала плакат з фотаздымкам хворай дзяўчынкі і цынічным надпісам “Выратуем Дашу Сяргейчык ад страшнай хваробы”.

Прадаўшчыцы пабачылі, як Вольга Ю. перадае грошы цыганскай пары (пазней міліцыя высветліла, што іх завуць Рубіна і Рэмба) і зразумелі, што грошы пойдуць не на лячэнне Дашы. Таму выклікалі міліцыю. Аказалася, за пару гадзін “няшчасная мама” паспела назбіраць больш за 700 тысяч рублёў.

Гэта адзін з тых рэдкіх выпадкаў, калі ўсё ж быў распачаты адміністрацыйны працэс. Вольгу Ю. асудзілі за “прычыненне шкоды ў нязначным памеры” і далі 750 тысяч штрафу. Праз пару дзён зламысніцу зноў бачылі на тым жа рынку, з фотаздымкам іншай хворай дзяўчынкі. Яшчэ праз нейки час махлярка пачала на рынку красці, яе павязалі і пасадзілі.

Колькі зарабляюць на хворых дзецях?

Падчас міліцэйскіх праверак злоўленых за руку махлярак дапытваюць. Тыя прызнаюцца, колькі грошай маюць. Зборы часам складаюць да 1,5 мільёна за пару гадзін.

Але звычайна праваахоўнікі налічваюць у торбачках зламыснікаў каля 700 тысяч рублёў. Давайце арыентавацца на гэтую лічбу. Атрымліваецца, дзённы заробак махляра складае каля 1,4 млн, бо на промысел звычайна выходзяць двойчы на дзень. 

Нават калі працаваць з двума выхаднымі, то за тыдзень можна назбіраць каля сямі мільёнаў. А за месяц — каля 30. І гэта ў ашчадным працоўным рэжыме.

Яшчэ адзін цынічны хітрык, якім карыстаюцца махляры: перад тым як прасіць грошы ў пераходах, яны для падстрахоўкі звязваюцца з бацькамі хворага дзіцяці і прапаноўваюць дапамогу па зборы сродкаў. Пазней пералічваюць мізэрныя сумы на рахунак бацькоў. Пра гэту тактыку Еўрарадыё распавяла Ларыса Чачотка з Пінска. У яе сына Марціна таксама ДЦП. Грошы на лячэнне спачатку таксама збіралі праз дабрачынныя фонды.

***

Нам тэлефанавалі нібыта царкоўныя людзі з Гомельшчыны, нібыта добразычліўцы, якія гатовыя хадзіць па кватэрах. Ад мяне прасілі пацвярджаць інфармацыю, калі раптам патэлефануюць цікаўныя людзі. У той момант я і падумаць не магла, што яны могуць зарабляць грошы на маім дзіцяці”, — распавядае сваю гісторыю Ларыса Чачотка.

У выніку сям’я не пайшла на тое, каб атрымліваць грошы такім чынам. 

Пасля гэтага званка жанчыне пачалі тэлефанаваць з розных гарадоў Гомельшчыны і паведамляць, што махляры просяць грошы з партрэтам маленькага Марціна. Нават адна з газет Калінкавічаў надрукавала артыкул, праілюстраваны жабрачкай, якая стаіць з фотаздымкам іх сына.

Сям’я звярнулася ў міліцыю. Знайшлі дваіх зламысніц. Тыя паведамілі, што ўсе грошы пераводзілі на рахункі сям’і Чачоткаў. І сапраўды, сумы пералічваліся ім пару разоў — па 5000, 10000 і 20000 рублёў. Такім чынам, з фармальных прычынаў махлярак да адказнасці не прыцягнулі.

“Царкоўныя людзі” звязваліся і з бацькамі Дашы Сяргейчык.

“Яшчэ ў лютым 2014 года патэлефанавала Алена Я. Прадставілася супрацоўніцай царквы: “Мы вам так дапаможам! Аплацім усе рэабілітацыі. Я кінулася ў слёзы, думала, няўжо існуюць яшчэ такія людзі”, — згадвае Галіна Сяргейчык.

У выніку паўнамоцтваў збіраць такім чынам грошы Сяргейчыкі нікому не далі.

Але ў хуткім часе жыхар Жодзіна Ігар Дудашэнка пабачыў жабрачку з партрэтам Дашы ў супермаркеце і зняў яе на відэа. Мясцовая міліцыя праводзіла праверку, але прыйшла да высновы, што складу злачынства ў такіх дзеяннях няма. Не далі нават штрафу.

Што рабіць, каб вас не ашукалі, а грошы сапраўды пайшлі на лячэнне

Даваць грошы людзям з партрэтамі хворых дзяцей на вуліцы, у грамадскім транспарце або ў іншых месцах не варта. Дапамогу лепш аказваць праз легальныя дабрачынныя фонды з добрай рэпутацыяй. Ідэальна ж перадаваць грошы наўпрост бацькам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі