Макей: даўно наспеў час заключэння базавай дамовы Беларусі з ЕС
Менавіта Латвія спрыяла зняццю санкцый ЕС з Беларусі, і зараз наша краіна разлічвае, што латвійскія партнёры дапамогуць Мінску ў вырашэнні ключавых пытанняў беларуска-еўрапейскіх адносін. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падчас сустрэчы са сваім латвійскім калегам Эдгарсам Рынкевічсам.
“Як вядома, Беларусь не імкнецца ўвайсці ў склад Еўрасаюза, але мы хочам быць добрымі, надзейнымі суседзямі. Развіваць нармальныя гандлёва-эканамічныя кантакты з ЕС. Даўно наспела заключэнне базавай дамовы паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, і мы разлічваем на падтрымку нашых латвійскіх калег у вырашэнні гэтага ды іншых ключавых пытанняў беларуска-еўрапескіх адносін. Напрыклад, такіх, як падпісанне Прыярытэтаў партнёрства”, -- заявіў Уладзімір Макей.
Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс у адказ паабяцаў, што Латвія зробіць усё магчымае, каб спрыяць наладжванню добрых адносін паміж Беларуссю і ЕС. Хоць, падкрэсліў латвійскі міністр, у іх і ёсць пытанні да беларускага боку наконт сітуацыі з парушэннямі правоў чалавека і палітычнымі свабодамі ў Беларусі.
Абодва міністры шмат казалі пра пашырэнне эканамічных сувязяў паміж Беларуссю і Латвіяй. Тым не менш набываць электрычнасць БелАЭС Латвія не плануе.
Рынкевічс: “Набыццё электраэнергіі – гэта не палітычнае пытанне, а эканамічнае, і на дадзеным этапе я магу сказаць, што ў нас няма такой інфраструктуры, каб набываць энергію з БелАЭС. Ды і ўвогуле, мы пакуль не можам разгледзець такое пытанне, пакуль станцыя не функцыянуе”.
Еўрарадыё пацікавілася ў міністра замежных спраў Беларусі, ці паспее наша краіна падпісаць пагадненне з ЕС аб змяншэнні кошту шэнгенскіх віз для беларусаў да 35 еўра да таго, як кошт іх узрасце да 80 еўра. Уладзімір Макей ухіліўся ад канкрэтнага адказу на пытанне.
Макей: “У нас запланаваны шэраг сустрэч і кантактаў з прадстаўнікамі ЕС, мы абмяркоўваем важныя мерапрыемствы, якія могуць адбыцца ў Мінску. У тым ліку і з удзелам кіраўніцтва Еўрасаюза. Таму давайце пачакаем”.