Макей: Папракаць Беларусь у "антырусіфікацыі" подла і блюзнерска
Папракаць Беларусь у "антырусіфікацыі" — гэта подла і блюзнерска, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 8 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Маскве. Ён адказаў на просьбу пракаментаваць выказванні шэрагу расійскіх экспертаў аб тым, што ў Беларусі растуць нацыяналістычныя і антырасійскія настроі.
"Такія папрокі з'яўляюцца блюзнерствам і ў дачыненні да нашай сумеснай гісторыі, і да беларускага народа, таму што мы заўсёды разглядалі Расію як самую блізкую дзяржаву", — цытуе словы Макея БелаПАН.
Міністр таксама нагадаў, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы і яны раўнапраўныя. "Беларуская мова — гэта мова нашай нацыі, і мы не толькі не павінны яе забываць, яе неабходна развіваць", — заявіў Уладзімір Макей.
Адказваючы на пытанне, ці магчымы ў Беларусі знос савецкіх помнікаў, як гэта адбываецца цяпер у Польшчы, Макей адзначыў, што "гэтага няма і быць не можа". Ён падкрэсліў, што нават у 1990-я гады, калі савецкія помнікі знішчалі у тым ліку ў Расіі, у Беларусі не быў знесены ні адзін з іх. "Не помнікі вінаватыя ў тым, што адбывалася і адбываецца ў той ці іншай краіне, — сказаў Макей. — Няхай помнікі стаяць для навучання нашчадкаў. Мы не збіраемся зносіць ніводнага помніка".