Макей вырашыў яшчэ раз выказацца з нагоды "контртэрарыстычнай аперацыі" ў РБ
Уладзімір Макей / facebook.com/belarusmfa
Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей выступіў з тлумачэннем сваіх словаў аб "увядзенні рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі". Яго інтэрв'ю расійскаму выданню "Известия" выклікала пэўны рэзананс у публічнай сферы.
Макей адзначыў, што ў інтэрв'ю "Известиям" ён сфармуляваў тое, пра што гаварылася на нядаўніх нарадах у Аляксандра Лукашэнкі.
"Не сакрэт (пра гэта казалі кіраўнікі нашых спецслужбаў), што мы атрымалі інфармацыю аб падрыхтоўцы шэрагу правакацыйных дзеянняў у дачыненні да Беларусі. З усіх магчымых напрамкаў, акрамя усходняга, натуральна", — сказаў Макей. З улікам гэтага Лукашэнка, па яго словах, прыняў адпаведнае рашэнне "ўвесці так званы рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, што і было зроблена".
"У рамках гэтага рэжыму ажыццяўляюцца ўзмоцнены кантроль за абстаноўкай, узмоцнены кантроль на знешнім перыметры межаў. А ці прывядзе гэта да напружання паміж Беларуссю і суседнімі дзяржавамі? Дык давайце паглядзім, што адбываецца на заходніх межах, што адбываецца на паўднёвых", — адзначыў Макей. Каментар міністра апублікаваны на старонцы беларускага МЗС у Facebook.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.