Маладая маці: Дапамогі і на дзіця ледзь хапае. А мне што — зубы на паліцу?
Дапамога на дзяцей вырастае на 200 тысяч рублёў. Еўрарадыё разам з маладымі матулямі падлічвае, колькі трэба грошай, каб гадаваць малое дзіця.
З 1 лістапада дапамога на дзяцей вырастае адразу на 200 тысяч рублёў. Замест 1,7 мільёна мамам будуць плаціць 1,9 мільёна. Ці хапае гэтых грошай — пытанне рытарычнае. Як маладыя маці выжываюць на 1,9 мільёна за месяц?
Дзіцяці 24-гадовай Вольгі з Салігорска трохі болей за год. Пра павышэнне дапамогі на дзіця Вольга даведваецца ад Еўрарадыё. Дзяўчына радуецца:
“Калі толькі нарадзіла, у мяне дапамога была 800 тысяч рублёў! Я за гэтыя грошы магла аплаціць камуналку і заставалася на пачак памперсаў. А зараз патроху расце!”
Разам з маці падлічваем, колькі грошай ў яе ідзе на тое, каб утрымаць дзіця месяц.
“Патрэбныя памперсы, вопратка нейкая, харчаванне мы купляем імпартнае. Беларускае пакаштавалі — алергія. Адзін пачак сумесі каштуе і 68, і 100 тысяч рублёў, у залежнасці ад напаўняльнікаў. Хапае яго на два разы. А трэба яшчэ сокі, кашы. Пачак падгузнікаў — 200 тысяч. Патрэбныя таксама розныя прысыпкі, крэмы пад падгузнікі і самі падгузнікі”, — пералічае Вольга. Выходзіць каля 3-4 мільёнаў. І гэта без ўліку таго, што дзіця можа хварэць — тады выдаткі павялічваюцца.
Дзяўчына заўважае: калі б яна выхоўвала дзіця без падтрымкі мужа, грошай наўрад ці хапіла б. Ён цяпер працуе ў Расіі нафтавіком: месяц там, месяц дома. Жыццё не сказаць, каб казка, але грошай хапае і на сям'ю, і на крэдыт на жыллё.
“Я з адной мамай падтрымліваю адносіны, у яе мужа звычайны сярэдні заробак беларусаў — 3-4 мільёны. Грошай не хапае літаральна ні на што, нават на калготкі дзіцяці”. Вольга шчыра спачувае знаёмай і не ведае, як можна жыць на такія грошы.
Анастасія з Мінска нарадзіла месяц таму. На дзіцячы пасаг — каляску, пялёнкі, ложак з бялізнай ды матрацам — пайшло каля 5 мільёнаў. Дзяўчына не можа адказаць, колькі дзяржава павінна выплачваць бацькам, але ёй на месяц якраз прыкладна 5 мільёнаў і патрэбна.
“Вядома, добра, што дапамога на дзяцей расце, хай і не вельмі многа”, — кажа Анастасія.
У Святланы з Мінска ўжо двое дзетак. Дзяўчына кажа, што на трэцяга пакуль не рашаецца, бо не дазваляе фінансавае становішча. Света ўдакладняе: калі браць выдаткі толькі на дзіця — грошай з дапамогі ад дзяржавы быццам бы хапае.
“На нейкія расходнікі, памперсы, хапае, на ежу - не вельмі. Але чамусьці не прадугледжваецца тое, што маці таксама трэба нешта есці, а не зубы на паліцу. Яна ж нідзе не працуе!” — кажа Святлана.
Цікава, што ўсё дзяўчаты падчас размовы з Еўрарадыё ўзгадваюць пра адзінокіх мам.
“Я нават не ведаю, што рабіла б, калі б выхоўвала дзіця сама, як вось мамы-адзіночкі. Гэта ж немагчыма!” — кажа Святлана.
Як заўважаюць у Мінпрацы, у аддзеле гендарнай палітыкі і народанасельніцтва, памер дапамогі на дзяцей лічыцца, зыходзячы з сярэдняга заробку беларусаў, і складае 35% ад сярэдняга заробку па краіне. У верасні сярэдні заробак быў 5,3 мільёна. У міністэрстве цікаўлюся, якую частку выдаткаў бацькоў на дзіця павінна пакрываць дапамога на дзяцей. Але такіх разлікаў проста не існуе.
“Памер мінімальнага заробку нашмат ніжэйшы [1,4 мільёна. — Заўв. Еўрарадыё]! — адказваюць у міністэрстве. — І нідзе не сказана, што дапамога павінна пакрываць выдаткі на дзяцей. Памеры дапамогі павышаюцца ж: раней гэта быў бюджэт, а цяпер два бюджэты”.
Пахваліліся!