Маналог дэзерціра: З Беларусі мы выпусцілі 80-90 ракет па Украіне
Запуск устаноўкі "Град" расійскімі вайскоўцамі / Крым. Реалии
Каміль служыў кантрактнікам у ракетнай частцы ва Улан-Удэ. Напрыканцы 2021 года яго падраздзяленне накіравалася на вучэнні ў Беларусь. А 5-й раніцы 24 лютага 2022 года ён убачыў першы пуск ракеты, якая паляцела ў бок Украіны.
Пра сваё знаходжанне ў Беларусі і ўцёкі за мяжу Каміль распавёў “Новой газете. Европа”.
Вучэнні ў Беларусі
Калі стала вядома, што падраздзяленне Каміля едзе на вучэнні ў Беларусь, хадзілі чуткі, што насамрэч вайскоўцы едуць на вайну. Маўляў, нешта намячаецца на мяжы — нейкія ўзброеныя сутыкненні. І ўсім трэба быць да гэтага гатовымі. "Спыталі: ну, чыста маральна, ты зможаш прыняць удзел ва ўзброеным канфлікце?" — узгадвае Каміль.
У Беларусі расіяне разгарнулі лагер на тэрыторыі беларускага артылерыйскага палігона і проста там знаходзіліся цэлы месяц. Але, кажа Каміль, па факце яны не ўдзельнічалі ні ў якіх вучэннях.
"Па сваіх службовых абавязках я не працаваў, займаўся тым, што пільнаваў тэхніку", — сцвярджае былы вайсковец.
24 лютага 2022 года
24 лютага а 5-й раніцы з лагера, дзе знаходзіўся Каміль, быў выкананы першы пуск. Ракета паляцела "некуды на поўдзень". Чалавек, які прыйшоў змяніць Каміля на дзяжурстве, сказаў, што пачалася вайна — прачытаў у інтэрнэце.
Па словах Каміля, вайскоўцы атрымлівалі інфармацыю з нейкіх афіцыйных і каляафіцыйных крыніц. “Гаварылася пра тое, што мы паспяхова прайшлі мяжу — прытым не прабіліся, не захапілі нешта паспяхова, а проста прайшлі. І, умоўна кажучы, чакаем, пакуль кіеўская ўлада здасца”, — кажа Каміль.
Паводле яго, калегі падтрымлівалі дзеянні расійскіх вайскоўцаў ва Украіне. Абмяркоўвалі толькі поспехі, казалі, што Украіна сама разбурае свае гарады.
“Калі я ўбачыў наступствы абстрэлаў, дык яшчэ больш жахнуўся, бо зразумеў: я літаральна саўдзельнік гэтых злачынстваў, — успамінае Каміль. — Аператарскай працай — па сутнасці, маёй працай, — займаўся начальнік уліку. Ну, што да нашай брыгады, у нас, атрымліваецца, было каля 15 пускавых установак. Мы выпусцілі каля 80-90 ракет за ўвесь час”.
Каміль прабыў у Беларусі паўгода. Потым яго частку адпусцілі ў адпачынак і ён паехаў у Цюмень пабачыцца са сваякамі. Там вайсковец прыняў рашэнне бегчы. І ўвосень, калі Пуцін аб'явіў мабілізацыю, Каміль праз Беларусь паляцеў у Казахстан. Кажа, што вернецца ў Расію толькі, калі разбурыцца пуцінскі рэжым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.