Маргарыта Ляўчук едзе з канцэртамі на фронт
Маргарыта Ляўчук
Беларуская оперная спявачка Маргарыта Ляўчук дасць ва Украіне серыю дабрачынных канцэртаў. Канцэрты пройдуць у межах ініцыятывы "Культурны дэсант", якую арганізаваў музыка і вайсковец УСУ Коля Серга. "Я ўступіла ў шэрагі "Культурнага дэсанту" і еду на фронт з канцэртамі, спяваць для абаронцаў Украіны", — напісала Ляўчук у Instagram.
Яна падзякавала ўкраінскім калегам за запрашэнне і дадала, што для яе гэта вялікі гонар. Запіс суправаджае фрагмент відэа з аднаго з канцэртаў "Культурнага дэсанту". На відэа Серга прадстаўляе публіцы Ляўчук і кажа, што "пані Марго" на дадзены момант жыве ў Літве, з'яўляецца салісткай літоўскай оперы і знаходзіцца ў вышуку.
"Рэальна, там вельмі сур'ёзна — калі вы ўбачыце "Чырвоную зелень", то вы зразумееце, чаму Лукашэнка яе лічыць асабістым ворагам", — кажа са сцэны Коля Серга. Ён таксама распавёў, што Ляўчук спецыяльна ўзяла адпачынак у оперы, каб два тыдні паездзіць па фронце і спяваць для ўкраінскіх абаронцаў.
"Культурны дэсант" — гэта аб'яднанне вядомых украінскіх артыстаў. Яны прыдумляюць і рэалізуюць разнастайныя мастацкія, псіхалагічныя і адукацыйныя праекты, якія накіраваны на дапамогу ўкраінскім байцам. У рамках ініцыятывы прайшло ўжо больш за 2 тысячы канцэртаў на лініі фронту, у ваенных шпіталях, частках ратавальнікаў і ў деокупированных гарадах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.