Маск хоча больш грошай, а Spotify “ўваскрэсіў” “Змейку” — #ІхНоравы

Самыя цікавыя міжнародныя навіны за дзень

Самыя цікавыя міжнародныя навіны за дзень / @euroradio

Ілан Маск працягвае злаваць экс-твітарскіх сваімі новаўвядзеннямі, а каранавірус усё не хоча сыходзіць у мінулае. Пра гэта і не толькі — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.

 

X стане платным?

Платформа Х, раней вядомая як Twitter, можа стаць платнай. Паводле яе ўладальніка, мільярдэра Ілана Маска, невялікі штомесячны ўзнос карыстальнікаў дапаможа скараціць колькасць ботаў у сацсетцы.

Сваю заяву Маск зрабіў падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху, які ўзняў пытанне аб усплёску антысемітызму на платформе Х і метадах барацьбы з гэтай з'явай.

Маск адказаў, што платныя акаўнты — пакуль адзіны відавочны метад барацьбы з ботамі.

"Мы пераходзім да невялікай штомесячнай платы за выкарыстанне сістэмы", — сказаў Маск.

Пакуль незразумела: сапраўды Маск разглядае такі крок для ўсіх карыстальнікаў ці гэта пакуль проста абстрактныя развагі.

Маск набыў Twitter у красавіку 2022 года за 44 млрд долараў. Стаўшы ўладальнікам кампаніі, ён паспрабаваў стымуляваць карыстальнікаў сацсеткі плаціць за пашыраны сэрвіс, які цяпер называецца X Premium. Для гэтага ён даў платным падпісчыкам дадатковыя функцыі, такія, як даўжэйшыя публікацыі і падвышаная бачнасць на платформе.

X Premium цяпер каштуе 8 долараў за месяц у ЗША. Кошт вар'юецца ў залежнасці ад таго, у якой краіне знаходзіцца абанент.

 

“Змейка” ад Spotify

Музычны стрымінгавы сэрвіс Spotify выпусціў гульню "Eat this playlist". Гэта абноўленая версія легендарнай гульні "Змейка" — яна стала папулярнай у 90-х дзякуючы кампаніі Nokia, якая ўбудавала яе ў свае тэлефоны. Замест звыклых яблыкаў або яек у "Змейцы" ад Spotify прапануецца "глытаць" музычныя плэйлісты.

Маск хоча больш грошай, а Spotify “ўваскрэсіў” “Змейку” — #ІхНоравы
“Змейка” ад Spotify / Еўрарадыё

Колер фону на экране пры гэтым змяняецца ў адпаведнасці з вокладкай альбома, які вы слухаеце, а змяя фармуецца з розных песень з вашага плэйліста. Калі ўсе песні з абранага плэйліста на Spotify "з'едзеныя", узнаўленне пачынаецца нанова, што робіць гульню бясконцай.

Дадаваць іншыя трэкі ў плэйліст можна проста падчас гульні, але для гэтага трэба быць дастаткова хуткім і ўважлівым, бо, пакуль вы націскаеце на "+", змейка можа сутыкнуцца з перашкодай, і гульню давядзецца пачынаць з пачатку.

Цяпер, паводле паведамленняў у супольнасці Spotify, гэтая функцыя ўсё яшчэ тэстуецца і даступная толькі карыстальнікам iOS з некаторых краін. Аднак тыя, хто ўжо атрымаў доступ да гульні, адгукаюцца пра яе станоўча. Кажуць, што яна выклікае настальгію і дае чым заняцца, пакуль вы слухаеце музыку.

Для пачатку гульні неабходна зайсці ў любы плэйліст на Spotify і адкрыць меню, пазначанае іконкай з трыма кропкамі. Унізе вы ўбачыце функцыю "Eat this playlist" ("З'есці гэты плэйліст"). Тады на экране з'явіцца тая самая версія гульні "Змейка".

Spotify пакуль не паведамляе, калі можна чакаць, што гульня стане агульнадаступнай. Таксама невядома, калі пагуляць змогуць карыстальнікі Android.

 

Нарвегія таксама стане недасяжнай для аўто на расійскіх нумарах

Нарвегія забароніць увоз аўтамабіляў на расійскіх нумарах. Яна стане апошняй памежнай краінай Еўропы, куды жыхары Расіі раней маглі трапіць на сваіх аўто.

Раней Еўракамісія выдала новую інструкцыю па правілах санкцый супраць Расіі. Гэта прывяло да таго, што шэраг краін зрабіў больш жорсткімі правілы перасячэння мяжы расійскімі аўтамабілямі, забараніўшы іх увоз.

Эстонія, Літва і Латвія аб'явілі 13 верасня, што пасля тлумачэнняў Еўракамісіі наконт санкцый больш не будуць пускаць на сваю тэрыторыю аўтамабілі з расійскімі нумарамі. Потым аналагічныя рашэнні прынялі Фінляндыя і Польшча.

Нарвегія не з'яўляецца членам ЕС, але падтрымлівае ўсе санкцыйныя меры Бруселя супраць Расіі. Працягласць мяжы Нарвегіі з Расіяй — каля 200 км. Нарвегія пакуль дазваляла часовае выкарыстанне аўтамабіляў з расійскімі нумарамі.

 

Пандэмія вяртаецца?

З пачатку восені колькасць хворых на каранавірус у ЗША пачала хутка расці і ўжо амаль дасягнула паказчыкаў першай хвалі, якая пракацілася вясной 2020 года.

Напрыклад, за тыдзень з 27 жніўня да 2 верасня колькасць шпіталізаваных павялічылася амаль на 9%, а смяротнасць сярод каранавірусных пацыентаў ужо з 3 да 9 верасня вырасла амаль на 5%. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі