Матацыкліст уцякаў ад мінскіх даішнікаў з хуткасцю 200 км/гадз.
Уначы 11 траўня мінскія даішнікі зладзілі пагоню за матацыклістам, які ўцякаў па МКАД, паведамляе прэс-служба сталічнай ДАІ.
На скрыжаванні МКАД з праспектам Незалежнасці каля 23:45 інспектары далі сігнал спыніцца кіроўцу матацыкла "Сузукі". Аднак ён паспрабаваў уцячы.
Матацыкліст ехаў па знешнім кальцы МКАД у напрамку Лагойскага тракта з хуткасцю больш за 200 км/гадз. у раёне з'езду на вуліцу Мазурава да пагоні далучыўся яшчэ міліцэйскі экіпаж. Пазней на дапамогу калегам прыйшлі і інспектары ДАІ Маскоўскага РУУС сталіцы.
Затрымаць уцекача і яго пасажыра ўдалося на 16-м кіламетры Слуцкай шашы.
Выявілася, што ў 21-гадовага матацыкліста няма правоў кіравання. Ён патлумачыў, што з гэтай прычыны хацеў уцячы ад ДАІ. Раней хлопец неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за язду на аўтамабілі без правоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.