“Майка на закупцы каштуе 50 тысяч рублёў, а ў нас прадаюць па 400 тысяч!”

27 сакавіка ў Мінску прайшоў круглы стол, арганізаваны канцэрнам "Беллегпрам". На нараду былі запрошаныя індывідуальныя прадпрымальнікі і прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, занятыя ў сферы лёгкай прамысловасці.

У пачатку сустрэчы старшыня канцэрна Мікалай Яфімчык заўважае, што “Беллегпрам” адкрыты для супрацоўніцтва. А таксама сказаў, што не разумее тых, хто ганіць беларускае.

“У нас настолькі супер робяць палотны, і для афармлення дамоў, і для кватэр. Тое ж самае тычыцца абутку, і адзення. У нас Еўропа просіць лён, бо мы адзіныя амаль вырабляем лён!” — кажа Яфімчык і дадае, калі закончыцца мадэрнізацыя “Камволя”, усё дакладна будзе супер, але да гэтага яшчэ паўтара года.

А пакуль, кажа Мікалай Яфімчык, трэба зніжаць сабекошт прадукцыі, бо “халяўных грошай не будзе”.

Прадпрымальнікі ў сваю чаргу задавалі шэраг дробных пытанняў. Да прыкладу, цікавіліся, ці можна іпэшнікам прадаваць лішкі тавараў ці новую прадукцыю без сертыфікатаў да 1 студзеня наступнага года.

Аднак прадстаўнікі канцэрна абяцаюць даць тлумачэнні пазней — яны быццам бы рыхтуюцца.

Сяргей гандлюе абуткам, сертыфікаты робіць. Ён заўважае, што многія іпэшнікі, якія гандлююць на рынку, уключаюць “дурня”, калі кажуць, што не ведаюць, як зрабіць сертыфікат на прадукцыю.

Старшыня беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін заўважыў, што іпэшнікі павінныя знайсці прадукцыю з дакументамі ў Расіі, а гэта амаль немагчыма, ці звярнуць увагу на беларускую прадукцыю, якая прадаецца ўжо з сертыфікатамі. Ён прывёў прыклад беларускіх прадпрымальнікаў, якія паспяхова пачалі працаваць у Расіі — адкрылі там крамы і гандлююць толькі беларускім. І з 800 такіх прадпрымальнікаў ніхто не закрыўся!

Але асноўнае пытанне прыватнікаў тычылася льготнага падаткаабкладання — “Дайце нам падаткі як у Парку высокіх тэхналогій!”, а таксама пытанняў высокай арэнды.

Да прыкладу, Міхаіл Ісаеня. Яго фірма “Любімы трыкатаж” працуе ў Салігорску. Прадпрымальнік абураецца высокай арэнднай платай.

“Гандлёвыя цэнтры дзяруць у тры шкуры. Яны нас разараюць! Няхай для ўсіх будзе не 30 еўра, а 12 еўра за метр квадратны для тых, хто гандлюе беларускім”, — настойвае Міхаіл. Ён распавёў, як ездзіў у Любліно, каб паглядзець, як закупляюцца іпэшнікі.

“Рынкі — гэта чорная яма! Майка каштуе на закупцы 50 тысяч рублёў, а ў нас 400 тысяч. А хто набудзе нашу беларускую майку, калі на закупцы яна 200 тысяч? Каму патрэбная гэтая майка?”

У адказ прадпрымальнік пачуў, што арэнда для тых, хто гандлюе беларускім, будзе зніжаная. Але гэта тычыцца толькі дзяржсектара, камерцыйныя цэнтры будуць вырашаць гэтае пытанне прыватна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі