Мазырскі НПЗ шукае інвестара на паўмільярда долараў

Мазырскі НПЗ шукае інвестара на паўмільярда долараў

Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу неабходна знешняе фінансаванне для рэалізацыі інвестпраекта ў справе будаўніцтва комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў. Інфармацыя пра гэта змешчаная на сайце прадпрыемства. Паведамляецца, што гэта самы маштабны праект у гісторыі завода.

Мазырскі НПЗ ад мінулага году самастойна рэалізуе праект, інвэстыцыйны кошт якога дасягае 1,5 мільярда долараў, з якіх капітальныя выдаткі — 1,2 мільярда долараў.

На гэты трэба прыцягнуць яшчэ 563 мільёны долараў, каб набыць асноўнае тэхналагічнае абсталяванне. Кіраўніцтва прадпрыемства гатовае разгледзець любыя формы супрацоўніцтва, у тым ліку звязаныя з крэдытаваннем.

У склад мадэрнізаванага комплексу ўвойдуць ўстаноўкі гідракрэкінгу, вытворчасці вадароду і серы. Рэалізацыя праекта дазволіць заводу павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%. Пры вырашэнні праблемы фінансавання комплекс мяркуецца здаць да канца 2017 года. Пасля выхаду на праектную магутнасць прырост выручкі на Мазырскім НПЗ перавысіць 325 мільёнаў долараў. Тэрмін акупляльнасці праекта — 5,5 гадоў.

Асноўнымі акцыянерамі Мазырскага НПЗ з'яўляюцца ўрад Рэспублікі Беларусь (42,75% акцый) і кампанія “Слаўнафта”, якой валодаюць “Раснафта” і “Газпрам нафта” (42,58% акцый).

Фота: vsr.mil.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі