Медыцынскі кісларод часова забаранілі вывозіць з Беларусі
Балоны з кіслародам / СТБ
Урад увёў часовую забарону на вываз медыцынскага кіслароду з Беларусі, вынікае з пастановы Саўміна № 616 ад 28 кастрычніка.
У пералік забароненых да вывазу тавараў патрапілі медыцынскі і тэхнічны кісларод у вадкім і газападобным выглядзе.
Кісларод нельга вывозіць з Беларусі незалежна ад краіны яго паходжання. Выключэнні зроблены для выпадкаў перадачы кіслароду як гуманітарнай дапамогі або ў якасці харчоў. Пастанова таксама не распаўсюджваецца на кісларод, які правозяць транзітам праз Беларусь.
Забарона на вываз набыла моц з 29 кастрычніка і будзе дзейнічаць 6 месяцаў.
Як паведамляла Еўрарадыё, на прадпрыемстве "Крыён", якое займаецца вырабам медыцынскага кіслароду, сітуацыю з пастаўкамі газу ў бальніцы краіны назвалі "складанай, але не крытычнай".
Паводле дадзеных Мінздрава, патрэбнасць у медыцынскім кіслародзе ў Беларусі вырасла ў 4 разы. Пры гэтым у чацвёртую хвалю каранавіруса пацыенты сталі больш кіслародазалежныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.