Менеджара "БелДжы" затрымалі за атрыманне хабару ў 30 мільёнаў рублёў
Супрацоўнікі Барысаўскага РУУС разам з падраздзяленнем па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Мінскага аблвыканкама затрымалі менеджара па знешнеэканамічных сувязях кампаніі "БелДжы". Пра гэта паведамляе прэс-служба мінскай абласной міліцыі.
Паведамляецца, што менеджара затрымалі 25 траўня на аўтазаправачнай станцыі ў Барысаве. Перад гэтым мужчына атрымаў 30 млн рублёў ад дырэктара камерцыйнай фірмы. Гэтыя грошы камерсант заплаціў яму за выкананне дамоваў пра пастаўку бетону.
На затрыманага менеджара Барысаўскі раённы аддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу за атрыманне хабару. Падазраванага затрымалі. Праваахоўнікі наклалі арышт на яго маёмасць, у тым ліку на два дарагія аўтамабілі.