Мэры Парыжа, Афінаў, Мадрыда і Мехіка дамовіліся пра забарону дызельных аўто
Мэры чатырох сталіцаў дамовіліся, што яны да 2025 года забароняць дызельныя аўтамабілі і грузавікі. Такой дамовы дасягнулі кіраўнікі Афінаў, Мехіка, Мадрыда і Парыжа на сустрэчы лідараў сусветных гарадоў у Мехіка, перадае Бі-Бі-Сі.
Замест дызеля яны абяцаюць заахвочваць выкарыстанне альтэрнатыўнага транспарту — электрамабіляў, гібрыдных і вадародных аўтамабіляў. Таксама мэры абяцаюць развіваць прагулачныя зоны ў гарадах і роварную інфраструктуру.
Дызельныя аўтамабілі апошнім часам моцна крытыкуюць за шкоду, якую яны наносяць якасці паветра і здароўю людзей. Ад працы дызельных рухавікоў вылучаюцца ўзважаныя часціцы, якія пранікаюць у лёгкія і могуць выклікаць хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Таксама дызельныя рухавікі вылучаюць аксіды азоту, якія могуць выклікаць істотныя праблемы з дыханнем у людзей.
Мэры чатырох гарадоў спасылаюцца на досвед Токіа, дзе рух дызельных аўтамабіляў ужо забаранілі.