Метро будуюць — дамы руйнуюць. Што страціў Мінск праз развіццё падземкі
"Вeрнем метро назад!" / Мітынг у Верхнім горадзе, 1988 год / vytoki.net
— У часы перабудовы можна было выйсці на мітынг і гаварыць там усё што заўгодна, — з настальгіяй успамінае чытач Еўрарадыё, які заўважыў, што падчас будаўніцтва станцый метро ў Мінску знішчаюць чарговыя будынкі, а разам з імі — і частку сталічнай гісторыі.
У канцы 2022 года мінскія ўлады паабяцалі, што падчас будаўніцтва трэцяй лініі метро шырокамаштабны знос не плануецца.
Але ў 2023 годзе ў спісе на знішчэнне аказалася некалькі будынкаў на праспекце Машэрава і вуліцы Харужай.
Усяго некалькі будынкаў — гэта шмат ці не? Чаго каштуе праца тых жа архітэктараў і воля жыхароў горада? Ці маглі гарадскія актывісты выказацца супраць зносу? Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года мы можам хутка адказаць: любое публічнае абурэнне дзеяннямі ўладаў можа пацягнуць вялізныя штрафы ці нават гады за кратамі.
А вось у 1988 годзе, калі жыхары Мінска выйшлі на мітынг супраць зносу гістарычных будынкаў падчас будаўніцтва 2-й лініі метро, ім (о цуд!) нічога за гэта не было. Больш за тое — усё было не зусім дарма. Дзякуючы пратэстам актывістаў уладам давялося захаваць Аляксандраўскі сквер, дзе збіраліся капаць катлаван, і тэатр імя Янкі Купалы.
“Мітынг быў круты!”
Вось што ўспамінае суразмоўца Еўрарадыё:
— Тыя, хто заспеў часы перабудовы, добра памятаюць, што ўся гарадская палеміка асвятлялася на старонках “Вячэрняга Мінска” і іншай гарадской і рэспубліканскай прэсы. Ці магчыма такое сёння? Адказ — не. Тым больш немагчыма без усялякіх абмежаванняў выйсці на вуліцу і выступіць супраць зносу. А ў 1988-м атрымаць дазвол на правядзенне мітынгу было не вельмі складана, чым, відаць, і скарысталіся нашы актывісты.
Першая лінія метро абышлася фактычна без зносу, бо яна пралегла даволі глыбока пад цяперашнім праспектам Незалежнасці. Калі прыступілі да другой лініі, старога горада як нечага цэласнага ўжо амаль не існавала, але хацелася захаваць хаця б тое, што мелі. Будаўніцтва метро пагражала гістарычным будынкам, таму мінчукі выйшлі на мітынг у Верхні горад.
З аднаго боку, падчас агульнага эканамічнага крызісу людзям было не да таго: каб выжыць, жыхары горада разводзілі на балконах нейкіх трусікаў ды ханорыкаў, вырошчвалі памідоры. З іншага боку — наадварот, з’явілася магчымасць выйсці і выказаць сваю незадаволенасць.
— Мітынг быў круты! Настроі — тыя яшчэ. Усе рэзка негатыўна пратэставалі супраць таго, што другая лінія метро пройдзе пад Верхнім горадам. Нарабілі транспарантаў, плакатаў, кляймілі вандалаў і варвараў…
Вядома, гэта было трохі наіўна, бо такія праекты ствараюцца не за год і не за два, але, што цікава, да ўладаў удалося данесці, якімі могуць быць наступствы гэтага будаўніцтва.
У выніку былі выкарыстаныя новыя тэхналогіі, якія змяншалі вібрацыю і шум, наколькі гэта было магчыма. Тады гэта было зроблена за савецкія… маскоўскія грошы.
Больш за тое, была зробленая кансервацыя будынка Малога гасціннага двара — помніка XVIII стагоддзя.
Аднак усё гэта адбылося пазнавата…
Калі ў руіны страляюць
Ёсць такі савецкі фільм, зняты ў 70-х гадах рэжысёрам Віталём Чацверыковым — "Руіны страляюць". Большасць яго сцэн здымалася на фоне старога Мінска, якога мы ўжо ніколі не пабачым.
Будаўніцтва другой лініі метро стрэліла не толькі ў руіны.
Так, калі браць нейкія гістарычныя аб’екты, то былі капітальна зруйнаваныя дамы ў выдатным стане на вуліцы Энгельса (побач з цяперашнім офісам БЕЛТа). Напрыклад, адзін дом знішчылі, каб зрабіць на яго месцы вентыляцыйную шахту.
Таксама зруйнавалі дамы на рагу Энгельса і Кірава. Там знішылі чатыры адрамантаваныя гістарычныя будынкі, якія літаральна ў той год выйшлі на каляровых паштоўках як узор старога Мінска. Сярод іх — будынак сталоўкі ЦК, які быў дагледжаны і меў чысценькія шыбіны.
Усё ж прайшла траса метро пад будынкам былога кляштара базылянаў і базылянак. Там, побач з саборам Святога Духа, яшчэ стаяла піўнуха “Ясень” — пад Малым гасцінным дваром, дзе заставаўся апошні будынак XVIII стагоддзя ад былых “Цёмных Крамаў”.
Дарэчы, падмуркі там былі пад два з нечым метры! У XVIII стагоддзі там была аптэка. Дом быў у выдатным стане — дагледжаны, бо ў ім працавала некалькі майстэрняў.
— Нібыта не так шмат зруйнавалі, але гэтыя аб’екты былі важнымі, — працягвае наш чытач. — У перспектыве вуліцы Энгельса з’явілася скразная дзірка. Праз гэта з Верхняга горада стала відаць колішняя Паркавая магістраль, сёння — праспект Пераможцаў.
Таксама пачаліся вялікія праблемы з Кафедральным саборам. Метрапаліт Філарэт вельмі непакоіўся праз гэта. Давялося фіксаваць расколіны і вылучаць на гэта дадатковыя сродкі.
А яшчэ падчас будаўніцтва метро былі праведзеныя велізарныя раскопкі. Рабочыя знайшлі браму Мінскага замка, будынкі і нават вулічны брук. Замест таго каб захаваць гэты скарб, усё знішчылі. Як і ўвесь правы бок вуліцы Замкавай і два дамы ў пачатку вуліцы Вызвалення.
Пасля таго, як другую лінію метро пусцілі ў эксплуатацыю, рэшткі cтарых дамоў, якія яшчэ заставаліся, былі моцна пашкоджаныя. Гэтаму паспрыяў і працэс будаўніцтва. Фактычна прыйшоў у аварыйны стан дом, дзе жыў Станіслаў Манюшка. У працэсе рэканструкцыі яго давялося амаль цалкам разабраць і пасля перабудоўваць.
Цяпер маем, што маем... Выходзячы ў Верхні горад, адразу бачым хмарачосы на праспекце Пераможцаў, якія раней закрываліся будынкамі, што пасля зруйнавалі.
Візуальна больш за ўсё гэтую функцыю выконваў трохпавярховы будынак, які раней стаяў на вуліцы Дзям’яна Беднага, колішняй Касмадзям’янскай, перад праваслаўным саборам.
Дзякуючы яму здавалася, што сабор стаяіць на высокай гары і пануе над астатнімі будынкамі. Праз тое, што гэты будынак знеслі і бульдозерам зруйнавалі гэтую гару, быў страчаны аўтэнтычны краявід, і візуальна сабор сеў ніжэй. Вядома, гэтыя страты нічым не магчыма кампенсаваць. Рэканструкцыя была надта дарагая, таму спачатку яго перадалі сабору, а пасля без дазволу зруйнавалі.
Знішчэнне помнікаў архітэктуры Мінска відавочна прывяло да дэградацыі ўсяго ансамбля Верхняга горада і непапраўна змяніла візуальныя повязі, масштаб будынкаў і атмасферу, якая там была.
Згубіўшы галаву, па валасах не плачуць…
Страты ад будаўніцтва метро мінчукі адчуваюць ужо шмат гадоў. Напрыклад, падчас будаўніцтва станцыі “Плошча Багушэвіча” зруйнавалі рэшткі Паўночнага завулка, дзе быў даваенны дом 1937 года. Пасля там аднавілі пару дамоў, але той атмасферы ўжо няма.
Таксама зруйнавалі даваенны імпазантны будынак тонкасуконнага камбіната, пасля чаго ўтварылася вялікая жудасная пустка…
Яшчэ зруйнавалі даваенны будынак і рэшткі дарэвалюцыйных будынкаў у раёне вуліцы Мяснікова, а таксама адзін сталінскі дом з ляпнінай на Дружнай.
P.S.
Як бачым, з часоў перабудовы магчымасці публічнага выказвання эвалюцыянавалі не ў лепшы бок. Прынамсі, раней людзі маглі пратэставаць і выказваць сваё меркаванне, сёння ж — маўчым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.