Мезенцаў: у Маскве чакаюць ад Беларусі пераканаўчых разлікаў
Расійскі пасол у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў пракаментаваў сітуацыю з кампенсацыяй за "брудную нафту", на якую спадзяюцца ў Мінску. У красавіку мінулага года ў нафтаправод "Дружба" трапіла неякасная расійская нафта (у ёй было вялікае ўтрыманне хлорарганікі). Яна пастаўлялася і на беларускія НПЗ, і ішла транзітам праз Беларусь. У выніку часова давялося спыніць і транзіт, і перапрацоўку нафты. Беларускі бок заявіў, што з-за гэтай сітуацыі мае страты і зажадаў ад Расіі кампенсацыі, агучваліся самыя розныя лічбы. Камплект дакументаў Беларусь збіраецца перадаць у лютым.
У Маскве чакаюць ад Беларусі пераканаўчых разлікаў па кампенсацыі за "брудную нафту", заявіў Мезенцаў. Паводле яго слоў, лічбы, якія прадаставяць беларусы, мусяць быць падтрыманыя экспертнай супольнасцю. Толькі тады іх прыме расійскі бок, паведамляе ТАСС.
"Па выніках сумеснага аналізу гэтых дакументаў будуць выплачаны тыя сродкі, якія кампенсуюць панесеныя страты", — сказаў расійскі пасол. Пры гэтым ён адзначыў, што дзяржава не нясе адказнасці за дзеянні гаспадарчых суб'ектаў, якія прывялі да "складанай, крызіснай сітуацыі". Таксама Дзмітрый Мезенцаў падкрэсліў, што гаворка ідзе пра выплату, а не пра "кампенсуючыя механізмы да цаны энерганосьбітаў".
Як вядома, Беларусь не мае дамовы на пастаўкі ў 2020 годзе расійскай нафты і яны былі спынены з 1 студзеня. З Расіі адбываюцца толькі пастаўкі структурамі бізнесмена Міхаіла Гуцарыева.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.