Міхалевіч: Падпіску аб нявыездзе не падпісаў, але мяне ўсё адно выпусцілі
Нягледзячы на тое, што Алесь Міхалевіч адмовіўся даваць падпіску аб нявыездзе, яго вызвалілі з пастарунку ў Астраўцы. Пра гэта экс-кандыдат у прэзідэнты паведаміў Еўрарадыё, як толькі выйшаў з будынка мясцовага РУУС
Алесь Міхалевіч: “З Мінска сюды даслалі факсам паперу пра замену меры стрымання: “Прымаючы да ўвагі, што ў дадзены момант знікла далейшая неабходнасць прымянення ў дачыненні да абвінавачанага Міхалевіча А. А. меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту...” І мяне толькі што выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, хоць я і адмовіўся гэтую паперу падпісваць. У дадзены момант я знаходжуся ў Астраўцы на вакзале і спрабую выехаць у бок Мінска”.
Па словах палітыка, у факсе са Следчага камітэта нічога няма пра тое, чаму так раптоўна ў следчых “знікла неабходнасць узяцця Міхалевіча пад варту”. Нічога яму не сказалі і пра тое, ці мусіць ён па вяртанні ў Мінск недзе адзначыцца — у Следчым камітэце ці ва ўчастковага. Тым не менш, палітык звяртае ўвагу на тое, што, нягледзячы на гэтае вызваленне, ён па-ранейшаму застаецца абвінавачаным па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Праўда, кажа палітык, нават думкі не ўзнікла, каб ехаць з Астраўца не ў Мінск, а ў адваротным кірунку.
Фота: Facebook Юрася Губарэвіча