Міліцыянты прыгразілі адказнасцю людзям, якія стаялі ў чарзе на апастыль
Чэргі на апастыль у Мінску міліцыянты ацэньваюць як несанкцыянаваныя сходы, паведамляюць праваабаронцы.
21 сакавіка, пасля 11-дзённай паўзы, Генеральнае консульскае ўпраўленне Міністэрства замежных спраў аднавіла прыём дакументаў на апастыль. У выніку ўзніклі вялікія чэргі. Каб трапіць на падачу дакументаў (з 8:00 да 10:30), людзі займаюць чэргі з ночы.
"А 5-й раніцы ў чарзе было 55 чалавек", — распавядаюць тыя, хто сабраўся.
Гэтыя чэргі стаяць і ўдзень, бо забраць апастыль можна толькі гадзіну — з 15:00 да 16:00.
22 сакавіка да чаргі прыйшлі міліцыянты і папярэдзілі прысутных пра адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Улетку 2020-га таксама несанкцыянаванымі сходамі міліцыянты называлі, напрыклад, чэргі ў краму Symbal.by.
Дарэчы, пасля 11-дзённай паўзы цэны на апастыль выраслі ў 10 разоў. Прастаўленне апастылю на афіцыйным дакуменце, складзеным у Беларусі, вырасла з 0,5 да 5 базавых велічыняў — 160 рублёў замест 16. Стаўка дзяржаўнай пошліны на прастаўленне апастылю — таксама 5 базавых. Легалізацыя афіцыйнага дакумента каштуе адну базавую — 32 рублі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.