Мінабароны пацвердзіла, што ў Гродне пахавалі афіцэра расійскай арміі
Міністэрства абароны Беларусі пацвердзіла, што ў Гродне адбылося пахаванне афіцэра расійскай арміі, пра што сёння ўдзень паведамлялі СМІ.
"У Гродне быў пахаваны афіцэр Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі — ураджэнец Беларусі", — перадае БелаПАН словы начальніка ўпраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзіміра Макарава. Асобна прадстаўнік Мінабароны падкрэсліў, што беларускія вайскоўцы не праходзяць службу ні ў якіх гарачых кропках.
Паводле інфармацыі тэлеканала "Белсат", загінуламу вайскоўцу было 42 гады, ён загінуў у Сірыі. Журналісты паведамляюць, што загінулага клікалі Уладзімір Бекіш.
Яго хавалі ў вайсковай форме, а цела было прыкрытае расійскім сцягам. На пахаванні прысутнічалі як расійскія, так і беларускія вайскоўцы. Труну неслі салдаты беларускай ганаровай варты.
Як перадае Радыё "Свабода" са спасылкай на відавочцаў пахавання, расійскія афіцэры забаранялі ім рабіць здымкі. Беларускія калегі супакойвалі іх і ветліва прасілі журналістаў не фатаграфаваць.