Мінабароны: палёты расійскіх бамбавікоў над Беларуссю будуць рэгулярнымі
Узброеныя сілы Беларусі нарасцілі склад дзяжурных сіл супрацьпаветранай абароны (СПА) як на заходнім, так і на паўночна-заходнім кірунку, паведамляе прэс-служба Мінабароны. Гэта азначае ўзмацненне СПА на мяжы з Польшчай і Літвой.
10 лістапада беларуская СПА адпрацавала ўзаемадзеянне з расійскімі вайскоўцамі. У неба была паднятая знішчальная авіяцыя, якая ўваходзіць у камплект адзінай сістэмы войскаў супрацьпаветранай абароны. Беларусы разам з расіянамі патрулявалі паветраныя межы нашай краіны. З расійскага боку выкарыстоўваліся два самалёты ТУ-22М3 Паветрана-касмічных сіл Расіі. Потым яны адправіліся на пасадку на аэрадром на тэрыторыі Расіі.
ТУ-22М3 — гэта дальні звышгукавы ракетаносец-бамбавік.
Мінабароны Беларусі заяўляе, што палёты стратэгічных бамбавікоў цяпер будуць рэгулярнымі: "Калі раней такія палёты стратэгічнай бамбардавальнай авіяцыі насілі цыклічны характар, то з сённяшняга дня яны будуць выконвацца на рэгулярнай аснове. Гэта меры адэкватнага рэагавання на абстаноўку, якая складваецца як у паветры, так і на зямлі".
Хутчэй за ўсё маецца на ўвазе міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза. Каб супрацьстаяць плыні нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі, суседнія краіны вымушаныя вывесці на мяжу войскі. Напрыклад, Польшча выставіла на мяжу з Беларуссю ўжо 15 тысяч вайскоўцаў і заяўляе, што гэтая колькасць можа быць павялічаная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.