Мінабароны Украіны адказала на пагрозы Расіі аб суднаходстве ў Чорным моры

"З усімі адпаведнымі рызыкамі" / ria.ru
"З усімі адпаведнымі рызыкамі" / ria.ru

Мінабароны Украіны адказала на пагрозы Расіі аб суднаходстве ў Чорным моры. З 00:00 21 ліпеня ўсе судны, якія ідуць у чарнаморскія парты, кантраляваныя РФ, будуць разглядацца як перавозчыкі грузаў вайсковага прызначэння "з усімі адпаведнымі рызыкамі".

Напярэдадні Расія прыгразіла пачаць атакі на ўсе судны, якія ідуць у парты Украіны ў акваторыі Чорнага мора. З 00:00 20 ліпеня яны разглядаюцца расіянамі "як патэнцыйныя перавозчыкі грузаў вайсковага прызначэння". Масква спасылаецца на спыненне дзеяння збожжавага пагаднення (яно адбылося з ініцыятывы РФ).

"Расійская Федэрацыя ў чарговы раз груба парушыла ўніверсальнае для ўсяго свету права на свабоднае суднаходства і свядома падрывае харчовую бяспеку, асуджаючы на голад мільёны людзей, — гаворыцца ў заяве Мінабароны Украіны. — Адкрыта пагражаючы грамадзянскім судам, якія перавозяць прадукты харчавання з украінскіх партоў, ажыццяўляючы ракетныя абстрэлы і атакі дронамі на грамадзянскую інфраструктуру ў мірных гарадах, наўмысна ствараючы ваенную пагрозу на гандлёвых маршрутах, Крэмль ператварыў Чорнае мора ў зону небяспекі, у першую чаргу, для расійскіх судоў і судоў, якія ідуць у акваторыі Чорнага мора ў напрамку марскіх партоў РФ і ўкраінскіх марскіх партоў, якія знаходзяцца на часова акупаванай Расіяй тэрыторыі Украіны. Адказнасць за ўсе рызыкі цалкам кладзецца на расійскае кіраўніцтва".

Каб у кіраўніцтва РФ не было сумненняў, украінцы нагадваюць пра лёс крэйсера "Масква", патопленага ў мінулым годзе ў Чорным моры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі