Расія пагражае пачаць атакі на ўсе судны, якія ідуць у парты Украіны
Каля Адэскага порта / dumskaya.net
Расія пагражае пачаць атакі на ўсе судны, якія ідуць у парты Украіны ў акваторыі Чорнага мора. З 00:00 20 ліпеня яны будуць разглядацца расіянамі "як патэнцыйныя перавозчыкі грузаў вайсковага прызначэння". Краіны, пад сцягамі якіх будуць ісці такія судны, "будуць лічыцца ўцягнутымі ва ўкраінскі канфлікт на баку кіеўскага рэжыму". Некалькі марскіх раёнаў у паўночна-заходняй і паўднёва-ўсходняй частках міжнародных вод Чорнага мора абвешчаныя "часова небяспечнымі для суднаходства", заявіла ў сераду Мінабароны РФ.
Масква спасылаецца на спыненне дзеяння збожжавага пагаднення (яно адбылося з ініцыятывы РФ). Украіна ж заклікала краіны, якія ўдзельнічаюць у экспарце яе збожжа, працягваць перавозкі.
Ёсць звесткі, што ў Чорным моры некалькі суднаў ідуць у напрамку ўкраінскіх партоў.
Уначы 19 ліпеня Расія нанесла самы магутны за час вайны ракетны ўдар па Адэсе. У мясцовым порце было знішчана 60 тысяч тон збожжа, была пашкоджана значная частка інфраструктуры (на аднаўленне патрэбна каля года). Улады Украіны ў чарговы раз абмеркавалі ўзмацненне абароны Адэсы. Для горада шукаюць дадатковыя сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.