Расія перадала Украіне паведамленне праз Беларусь
Расійскі пасол Барыс Грызлоў / ТАСС
Расія перадала Украіне паведамленне праз Беларусь, заявіў расійскі пасол у нашай краіне Барыс Грызлоў. 17 ліпеня пасольства РФ у РБ па дыпламатычных каналах накіравала ўкраінскаму боку ноту аб спыненні збожжавага пагаднення. Масква заявіла, што яго дзеянне павінна цалкам быць спынена з 18 ліпеня.
Раней у МЗС Расіі заявілі, што пра спыненне збожжавага пагаднення ўжо паведамілі Турцыі, ААН і Украіне. Цяпер жа высветлілася, што Кіеў атрымаў паведамленне праз Мінск. У ім Расія "афіцыйна выступае супраць далейшага падаўжэння ініцыятывы па бяспечнай транспарціроўцы збожжа і харчавання з партоў Украіны пасля заканчэння яе тэрміну дзеяння".
Згаданае збожжавае пагадненне было заключана падчас вайны пры пасярэдніцтве ААН і Турцыі. Яго мэтай называлася недапушчэнне глабальнага харчовага крызісу. У рамках пагаднення Украіна, адзін з найбуйнейшых экспарцёраў збожжа ў свеце, адправіла за мяжу амаль 33 мільёны тон грузаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.