Мінабароны Украіны гатовае расследаваць падзенне ракеты ў Беларусі
Ракета, якая ўпала ў Беларусі / БЕЛТА
Мінабароны Украіны гатовае правесці расследаванне з нагоды падзення ракеты на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
Пры гэтым ва ўкраінскім ведамстве не выключаюць правакацыі з боку Расіі ды нагадваюць, што сёння Расія нанесла масіраваны ракетны ўдар па ўкраінскай тэрыторыі. У Мінабароны кажуць, што з расійскага боку было выпушчана 69 крылатых ракет, а таксама для атакі выкарыстаныя дроны "Shahed". Больш за 18 жылых дамоў і 10 аб'ектаў крытычнай інфраструктуры ў 10 абласцях былі разбураныя, пацярпелі мірныя людзі.
"Што датычыць сцвярджэнняў беларускага боку, украінскаму боку вядомыя адчайныя і упартыя памкненні Крамля ўцягнуць Беларусь у сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны. У гэтай сувязі ўкраінскі бок не выключае і свядомай правакацыі з боку дзяржавы-тэрарыста Расіі, якая праклала такі маршрут для сваіх крылатых ракет, каб справакаваць іх перахоп у паветранай прасторы над тэрыторыяй Беларусі", — падкрэсліваюць у Мінабароны Украіны.
Украіна кажа, што гатовая да аб'ектыўнага расследавання інцыдэнта. "Украіна гатовая запрасіць да ўдзелу ў такім расследаванні аўтарытэтных экспэртаў з ліку дзяржаў, не звязаных з падтрымкай дзяржавы-тэрарыста Расіі ў якой-небудзь форме", — адзначаецца ў заяве Мінабароны.
Як паведамлялася раней, зранку 29 снежня ракета ўпала каля вёскі Гарбаха Іванаўскага раёна Брэстчыны. У Мінабароны Беларусі заявілі, што яна была выпушчаная з украінскага Забалоцця і збітая сіламі беларускай СПА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.