Мінадукацыі параўнала сваіх крытыкаў з Карлсанам і Малым, "калі б яны раз'еліся"
Кадр з савецкага мультфільма пра Малога і Карлсана
Міністэрства адукацыі параўнала рэпетытараў, якія крытыкуюць увядзенне ўсеагульнай сярэдняй адукацыі ў Беларусі, з Карлсанам і Малым, "калі б яны абодва раз'еліся". Пост пра гэта з'явіўся ў акаўнце Мінадукацыі ў "Фэйсбуку", а таксама ў некаторых іншых суполках у сацсетках. Напрыклад, у групе "Камуністычная партыя Беларусі (КПБ)" у "ВКонтакте".
"Асабіста мне нашы эксперты вельмі нагадваюць Карлсана і Малога — калі б яны абодва раз'еліся ад цяжкага жыцця і смутку за лёс адукацыі, — піша ананімны аўтар артыкула. — Але вельмі брыдка, што асобныя Малыя раптам вынырваюць у палітыцы, прычым на баку апазіцыі. Г.зн. увесь піяр і ўвесь выліты на адукацыю бруд складваюцца ў палітычную задумку".
Далей аўтар артыкула намякае на тое, што "цяперашнія гуру репетытарства" самі вучыліся дрэнна. Маўляў, "з такой залікоўкай" ён бы пасаромеўся каго-небудзь наогул вучыць, "аднак, з пункту гледжання ўдарнікаў адукацыі, ёсць адзіная «некампетэнтная» сіла — гэта, вядома, Міністэрства адукацыі, дзе працуюць выключна мярзотнікі і нягоднікі".
Наадварот, прэс-сакратар Мінадукацыі Андрэй Лазуткін, па звестках аўтара артыкула, вучыўся добра і тры тэсты на цэнтралізаваным тэсціраванні здаў на 100, 98 і 88, не займаючыся ў рэпетытараў. "Абсалютна ўсё можна было вывучыць самастойна, калі ёсць галава і матывацыя. Таму тое, што я пішу пра рэпетытараў і прыватных паслугах, я пішу цалкам шчыра. Вучыцца трэба ТОЛЬКІ самастойна, гэта абавязкова дапаможа ў дарослым жыцці і ў працы", — заключае ён.
Артыкул, на які так хваравіта рэагуе Міністэрства адукацыі, быў апублікаваны на сайце "Онлайнер". У ім рэпетытар Яўген Лівянт разважае пра тое, што ўвядзенне ўсеагульнай сярэдняй адукацыі наўрад ці станоўча адаб'ецца на адукаванасці школьнікаў, многія з якіх "да выпускнога экзамену не ведаюць на памяць ніводнаго верша, не могуць успомніць ніводнаго фізічнага закона або геаметрычнай тэарэмы, не маюць паняцця аб самых вядомых гістарычных дзеячах або геаграфічных аб'ектах".