Мінадукацыі пра электроннае залічэнне: Няма той сістэмы, якая ўсіх задаволіць
У гэтым годзе беларускія абітурыенты большасці ВНУ падавалі дакументы толькі на адну спецыяльансць і толькі ў адзін універсітэт. Кампутарная сістэма залічэння ўжо некалькі гадоў працуе ў БДУІРы, але на ўсю краіну не пашыраецца.
Гэтая сістэма абмяркоўваецца ў міністэрстве адукацыі. Пра гэта распавёў першы намеснік міністра Вадзім Богуш, адказваючы на пытанне Еўрарадыё.
Вадзім Богуш: "У кожнай ВНУ ёсць свае асаблівасці. Мы абмяркоўваем гэтае пытанне. Пакуль няма дакладна выбудаванай сістэмы, якая б усіх задаволіла. Але гэта тэма будзе аналізавацца ў далейшым. Праблемных аспектаў там шмат".
У БДУІры электронную сістэму залічэння, пры якой абітурыент падаецца адразу на некалькі спецыяльнасцяў, паспрабавалі выкарыстоўваць яшчэ ў 2011 годзе. З таго часу ідуць размовы аб яе пашырэнні. Летась такую сістэму паспрабавалі ўвесці ў Тэхналагічным універсітэце, але яна спрацавала некарэктна і ад яе адмовіліся.