Мінадукацыі вызначыла, якія іспыты будуць здаваць школьнікі
Мінадукацыі вызначыла, якія прадметы будуць здаваць школьнікі на выпускных іспытах у наступным годзе. Пастанова Міністэрства адукацыі №59 ад 4 ліпеня апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дзевяцікласнікам давядзецца здаваць пісьмова беларускую і рускую мовы, а таксама матэматыку.
Выпускнікі 11-х класаў пісьмова будуць здаваць іспыты па матэматыцы, а таксама па беларускай ці рускай мове (на выбар). Вусныя іспыты чакаюць адзінаццацікласнікаў па замежнай мове і гісторыі Беларусі.
Вучні, якія вучыліся на мовах нацыянальных меншасцяў (па-польску або па-літоўску), дадаткова будуць здаваць пісьмовыя іспыты па гэтай мове.
Навучэнцы каледжаў мастацтваў акрамя абавязковых іспытаў, якія здаюць іншыя навучэнцы, будуць здаваць іспыт на свой выбар па адным з навучальных мастацкіх прадметаў.
Дакумент набывае моц з 1 верасня.