Мінаховы здароўя заявіла пра стабілізацыю сітуацыі ў Віцебску і ў 5 раёнах

Мінаховы здароўя заявіла пра стабілізацыю сітуацыі ў Віцебску і ў 5 раёнах

Міністэрства аховы здароўя Беларусі ў панядзелак у Telegram заявіла пра стабілізацыю сітуацыі ў Віцебску і ў шэрагу раёнаў вобласці (у тым ліку ў Бешанковіцкім, Докшыцкім, Ліёзненскім, Пастаўскім, Шумілінскім) з COVID-19 і пнеўманіямі. "Дзякуючы самаадданай і прафесійнай працы медыцынскіх работнікаў і прымаемым арганізацыйным мерам, у цэлым па вобласці абстаноўка застаецца кантраляванай", — заяўляе міністэрства.

Эпідэміялагічная сітуацыя ў Віцебску ацэньваецца, як "плаўны сыход з плато". І таму з'явілася магчымасць сістэме аховы здароўя пачаць паэтапны вывад шэрагу няпрофільных бальніц з аказання дапамогі пацыентам з каранавірусам і пнеўманіямі. У бліжэйшыя два тыдні правядуць санапрацоўку тых бальніц у горадзе, якія ў сакавіку-красавіку прынялі на сябе асноўную колькасць пацыентаў, у тым ліку з COVID-19. Іх медперсанал атрымае магчымасць "для больш паўнавартаснага адпачынку". У панядзелак ужо пачалі дэзынфекцыю памяшканняў Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру.

Большая частка пацыентаў са згаданых бальніц вылечана і выпісаная дахаты, а тыя, хто яшчэ мусіць далечвацца ці праходзіць рэабілітацыю, будуць пераведзеныя ў іншыя ўстановы.

"Агульная сітуацыя па выяўленні новых пацыентаў дазваляе спрагназаваць спад захворванняў", — паведамляе Мінаховы здароўя.

На раніцу 4 траўня ў Беларусі было зарэгістравана 17 489 пацверджаных выпадкаў каранавіруса, за суткі дадалося 784 выпадкі. Памерлі 103 чалавекі з COVID-19, +4 за суткі. Вылечыліся і былі выпісаныя 3259 пацыентаў. Статыстыкі па рэгіёнах няма. Было праведзена больш за 211 тысяч тэстаў на каранавірус (+7130).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі