Мінчанка кажа, што атруцілася колай. Партыю напою нібыта знялі з паліц

Мінчанка кажа, што атруцілася колай. Партыю напою нібыта знялі з паліц

Мінчанка Юлія Сцяпанава заўжды хвалілася тым, што з’яўляецца вялікай аматаркай Coca-Cola. Днямі яна набыла ў краме “Суседзі” паўтара літра любімага напою. Але нешта пайшло не так.

Мінчанка кажа, што атруцілася колай. Партыю напою нібыта знялі з паліц

“Я колу п’ю ўжо пяць гадоў амаль кожны дзень, яна мне падабаецца, — распавядае Еўрарадыё Юлія Сцяпанава. — Гэты дзень нічым не адрозніваўся, я пайшла і купіла сабе 1,5 літра колы. Дома адкрыла, пах мяне збянтэжыў, але складана паверыць, што кола можа сапсавацца”.

Калі дзяўчына зразумела, што піць колу нельга, дык проста схавала яе ў лядоўню. Але было ўжо позна:

“Праз пэўны час мне зрабілася кепска, мяне пачало ванітаваць. Сябры параілі тэрмінова вызываць “хуткую”, маўляў, пры няправільным захоўванні кола вылучае шкодныя рэчывы. Прыехалі дактары, у дадатак да атручання зафіксавалі ў мяне арытмію, ціск моцна падняўся. Зрабілі два разы кардыяграму. Хацелі завезці ў інфекцыйную лякарню, але ў мяне маленькае дзіця, таму я адмовілася”.

Раніцай 4 траўня Юлія скантактавалася з прадстаўніцтвам Coca-Cola ў Беларусі. Супрацоўнікі кампаніі запыталіся пра нумар, указаны на бутэльцы, і пра краму, дзе дзяўчына набыла напой. І запэўнілі, што партыя будзе знятая з продажу.

Неўзабаве прадстаўнікі Coca-Cola прыехалі да Юліі дадому, падарылі сувеніры, а таксама... дзве бутэлькі колы:

“Сказалі, што ўжо былі ў краме, што прыбралі бутэлькі з тым жа нумарам. Маю бутэльку забралі на экспертызу. Усё вельмі ветліва было, у мяне ніякіх нараканняў няма”.

Адзін з сяброў Юліі таксама звярнуўся ў офіс Coca-Cola, каб даведацца, дзе яшчэ маглі з’явіцца атрутныя бутэлькі і які аб’ём партыі, знятай з палічак крамаў. І быў вельмі азадачаны адказам:

“Я патэлефанаваў у Coca-Cola, яны сказалі, што ў іх няма звестак пра прыбіранне партыі, і ніхто да іх не звяртаўся”.

Еўрарадыё ўвесь дзень спрабавала атрымаць каментар у “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь”. Але нас, як кажуць, вырашылі прадынаміць:

“Пакіньце свой нумар. Наш супрацоўнік звяжацца з вамі і дасць усю неабходную інфармацыю”.

Ніякай інфармацыі ад Coca-Cola цягам 4 траўня мы не атрымалі. Чым атруцілася Юлія Сцяпанава і ці застаюцца на паліцах мінскіх крам бутэлькі з колай з той жа партыі, на якую падае падазрэнне, — пытанні адкрытыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі