Мінчук атрымаў 15 сутак за 1 хвіліну стаяння з бел-чырвона-белым сцягам уначы
Жыхара мінскага мікрараёна "Новая Баравая" асудзілі на 15 сутак за пікет за нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам, піша ТГ-канал "Вясна назірае".
Аляксандра Глушко затрымалі 17 сакавіка і з дому адвезлі на Акрэсціна. Пратакол на яго склалі яшчэ 13 сакавіка. Яго вінавацілі ў "пікетаванні ў перыяд з 3:16 па 3:17 ночы з мэтай выказвання сваіх палітычных поглядаў у двары дома: Глушко вывесіў сцяг на флагшток і працягнуў стаяць на пазначаным месцы".
Сам мінчук патлумачыў свае дзеянні дрэнным настроем ад навінаў.
Справу Глушко разглядаў суддзя Віктар Шаўцоў. Доказам віны была фатаграфія з момантам пікетавання. Пры ператрусе ў кватэры Глушко міліцыянты забралі вуду, боты, куртку, сцяг і маску.
На разгляд суддзі было дастаткова пяці хвілін — у пяць разоў болей, чым доўжыўся пікет. Прысуд — 15 сутак арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.