Мінчука аштрафавалі за БЧБ-жалюзі нягледзячы на афіцыйны ліст Мінгарвыканкама
Мінчука Сяргея Мельянца аштрафавалі на 870 рублёў (30 базавых велічыняў) за бел-чырвона-белыя жалюзі на гаўбцы.
У Мельянца сямёра дзяцей, пяцёра з іх непаўналетнія. БЧБ-жалюзі ён вывесіў на гаўбцы-лоджі напрыканцы жніўня. У судзе ён тлумачыў, што колер жалюзі адпавядае яго рэлігійным перакананням: "Белы колер сімвалізуе святасць, якую мы, веруючыя людзі, атрымліваем дзякуючы крыві, якую Хрыстос праліў на крыжы. Гэта чырвоны колер".
Тым не менш міліцыянты склалі на яго пратакол паводле артыкула 23.34 — за вывешаны бел-чырвона-белы сцяг, які яны палічылі несанкцыянаваным пікетам.
Як піша ТГ-канал "Вясна назірае", на судзе 21 студзеня да справы быў дададзены адказ Мінгарвыканкама, куды Мельянец звяртаўся з запытам наконт колеру жалюзі. Чыноўнікі напісалі, што гаўбец-лоджыя не з'яўляецца грамадскім месцам, таму ніякіх дазволаў не патрэбна.
Але суддзя Віктар Шаўцоў не палічыў неабходным грунтавацца на гэтым дакуменце і аштрафаваў Мельянца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.