Мінінфармацыі вызначыла, якія звесткі будуць па-беларуску на дзяржаўных сайтах

Мінінфармацыі вызначыла, якія звесткі будуць па-беларуску на дзяржаўных сайтах

З наступнага году сайты дзяржаўных органаў і арганізацый будуць абавязаныя размяшчаць пашыраны аб’ём інфармацыі па-беларуску. Мініфрм вызначыў пералік інфармацыі, якая абавязкова мусіць быць на дзвюх мовах.

Пра гэта ведамства паінфармавала ў сваім адказе на зварот Партыі БНФ наконт зменаў у закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, прынятых 19 красавіка ў першым чытанні, перадае прэс-служба партыі. Ліст падпісаў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч

Палажэнне набывае моц з 1 студзеня 2019 года. Яно закранае не толькі сайты цэнтральных і мясцовых дзяржорганаў і дзяржарганізацый, але таксама і сайты гаспадарчых таварыстваў, у якіх дзяржава валодае доляй ўласнасьці (гэта значыць — усе дзяржаўныя прадпрыемствы).

Абавязкова па-беларуску мусіць быць наступная інфармацыя:

— агульная інфармацыя пра арганізацыю (афіцыйная назва і структура, паштовы адрас, адрас электроннай пошты; нумары тэлефонаў даведачных службаў; рэжым работы; звесткі пра задачы і функцыі дзяржаўнага органа і арганізацыі, іх структурных падраздзяленняў; пералік тэрытарыяльных органаў, падпарадкаваных (уваходзячых у склад) арганізацый дзяржаўнага органа і адасобленых падраздзяленняў арганізацыі, звесткі пра задачы і функцыі, а таксама іх паштовыя адрасы, адрасы інтэрнэт-сайтаў і электроннай пошты, нумары тэлефонаў іх даведачных службаў; звесткі пра кіраўніка дзяржоргана і арганізацыі (пасада, прозвішча, імя, імя па бацьку, нумар службовага тэлефона);

— інфармацыя аб працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў: парадак, час і месца асабістага прыёму грамадзян і парадак разгляду зваротаў; спецыяльная рубрыка "Электронныя звароты"; спосаб або спосабы падачы электронных зваротаў у дзяржаўны орган, іншую дзяржаўную арганізацыю (спасылка на адрас электроннай пошты і (або) размяшчэнне ў спецыяльнай рубрыцы на інтэрнэт-сайце); нумары тэлефонаў "гарачых лініяў", тэлефонаў даверу і даведачных службаў; назва, месца знаходжання і рэжым работы вышэйстаячага дзяржаўнага органа і арганізацыі;

— інфармацыя аб ажыццяўленні адміністратыўных працэдур у дачыненні да юрыдычных асобаў і грамадзянаў: назвы адміністратыўных працэдураў; парадак падачы заяў аб ажыццяўленні адміністратыўных працэдур у электроннай форме (пры яе наяўнасці); вычарпальныя пералікі дакументаў і (або) звестак, якія прадстаўляюцца для ажыццяўлення адміністратыўных працэдур; парадак запаўнення і прадстаўлення бланкаў (формаў) дакументаў; тэрміны ажыццяўлення адміністратыўных працэдур; тэрміны дзеяння даведак або іншых дакументаў, якія выдаюцца пры ажыццяўленні адміністратыўных працэдур; памер платы, якая збіраецца пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, а таксама рэквізіты банкаўскіх рахункаў для ўнясення такой платы; час прыёму, месца знаходжання, нумар службовага тэлефона, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, пасада работніка (работнікаў) дзяржаўнага органа і арганізацыі, які ажыццяўляе (якія ажыццяўляюць) прыём заяў аб ажыццяўленні адміністратыўных працэдур; назва, месца знаходжання і рэжым работы вышэйстаячага дзяржаўнага органа і арганізацыі;

— інфармацыя пра тавары (работы, паслугі), якія вырабляюцца (выконваюцца, аказваюцца) арганізацыяй: пералік тавараў (работ, паслуг); кошты (тарыфы) на тавары (работы, паслугі);

— інфармацыя пра формы зваротнай сувязі.

Аднак пры гэтым тэксты нарматыўна-прававых актаў і формы (узоры) дакументаў будуць падавацца па-ранейшаму толькі на мове іх афіцыйнага зацвярджэння. Гэта значыць, па-руску. 

Мінінфармацыі вызначыла, якія звесткі будуць па-беларуску на дзяржаўных сайтах
Фота: narodny.org
Мінінфармацыі вызначыла, якія звесткі будуць па-беларуску на дзяржаўных сайтах
Фота: narodny.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі