Мінінфарм патлумачыў, чаму пакінуў сабе права блакаваць сайты без суда
Ілюстрацыя: Video Advertising News
Міністэрства інфармацыі Белрусі патлумачыла, чаму захоўвае за сабой права абмяжоўваць доступ да сайтаў без рашэння суда. У новай рэдакцыі закона "Аб СМІ", побач з судовым парадкам блакавання інтэрнэт-рэсурсаў, захоўваецца пазасудовы парадак – па рашэнні Мінінфарма.
"Судовае разбіральніцтва – працэс працяглы. Немагчыма дапусціць распаўсюджвання ў вольным доступе інфармацыі, якая прапагандуе гвалт, якая змяшчае заклікі да суіцыду, звестак, якія прапагандуюць спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў. Зацягванне ў вырашэнні пытання абмежавання доступу да такой інфармацыі, па сутнасці, з'яўляецца дапамогай у здзяйсненні правапарушэнняў", – апраўдваюць такі парадак у Міністэрстве інфармацыі.
Аднак у новай рэдакцыі закона канкрэтныя падставы для "аператыўнага рэагавання" не пералічаныя. Інакш кажучы, Мінінфарм зможа рэагаваць не толькі на порна, прапаганду суіцыду і рэкламу наркотыкаў, але і на "супрацьпраўныя праявы", якія "прычыняюць шкоду грамадскім і дзяржаўным інтарэсам". Што робіць шкоду інтарэсам Беларусі, а што не – у ведамстве будуць вырашаць, грунтуючыся на апавяшчэннях ад кампетэнтных дзяржаўных органаў.
"Такім чынам, рашэнні аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў не прымаюцца беспадстаўна, неабдумана і без законных падстаў", – падсумоўваюць у Мінінфарме. Крытыкам беларускіх уладаў, напэўна, павінна стаць нашмат лягчэй ад таго, што іх сайты заблакуюць хоць і без суда – але ўдумліва і па законе.