Міністэрства ЖКГ праігнаравала загадзя прызначаную прэс-канферэнцыю

Міністэрства ЖКГ праігнаравала загадзя прызначаную прэс-канферэнцыю

Прадстаўнікі Міністэрства ЖКГ не прыйшлі на прэс-канферэнцыю "Аб працы арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі сёлета". Мерапрыемства, якое мусіла пачацца ў 12:30 2 сакавіка, было анансаванае яшчэ напрыканцы мінулага тыдня. Яго правядзенне было пацверджанае і раніцай 2 сакавіка. Але ў прызначаны час ў Нацыянальны прэс-цэнтр прыехала толькі пару дзясяткаў журналістаў.

Праз 20 хвілін чакання кіраўнік аддзела арганізацыі інфармацыі НПЦ Аляксей Цыбулька паведаміў, што арганізатары спрабуюць высветліць, што здарылася. Яшчэ праз пяць хвілін Цыбулька паведаміў, што першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Паскробка ўсё ж прыедзе, ён спазняецца праз нейкае экстранае пасяджэнне. Аднак ў 13.00 прэс-канферэнцыю адмянілі. Па словах супрацоўніка прэс-цэнтра, чыноўнікі накіраваліся на іншае экстранае пасяджэнне.

22 лютага Аляксандр Лукашэнка разам з насельніцтвам Беларусі абураецца тарыфамі на камунальныя паслугі. Ён даручае Камітэту дзяржкантролю, Савету міністраў і Адміністрацыі прэзідэнта разабрацца ў сітуацыі і падрыхтаваць да 1 сакавіка новы разлік тарыфаў.

"Значыць, надзеньце наручнікі тым, хто не выканаў даведзеныя па маім распараджэнні тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-іншы чалавек. Усё стане на свае месцы", — кажа Лукашэнка.

24 лютага дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю распачынае 13 крымінальных спраў у дачыненні да службовых асоб прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ. А 26 лютага іх колькасць павялічваецца да 17. Што праўда, падрабязнасцяў пра іх амаль не выдаецца. 1 сакавіка кіраўніку краіны павінны былі прадставіць новыя тарыфы, але ці было гэта зроблена, не вядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі